Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/19

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Я ўраздроб не прадаю, а ўсё цалкам. Тут трэба або вялікага купца, або згрупавацца, калі купцы гэтакія як ты. Згуртуй людзей.

— Паспрабую, пане.

— Язда! — гукнуў пан, і фурман пагнаў коні.

Мазавецкі тут і забегаў. Перш за ўсё ён акінуў розумам, хто тут з тутэйшых людзей можа купіць зямлю. Адразу яго думка спынілася на Сурвіле. Пакуль што ён больш ня думаў, а адразу рушыў да царквы. Адправа яшчэ ня скнчылася. Яшчэ сьпявалі камусьці «многая лета». Мазавецкі ўвайшоў у царкву і пачаў азіраць народ. Сурвілу ён ўбачыў ля клірасу: той спрытна падцягваў царкоўнаму кліру задзірыстым голасам. Мазавецкі цярпліва чакаў. А пакуль прычакаў, дык глядзеў і слухаў і разважаў у думках. Філёзофія яго ішла ў гэтакім кірунку: «от-бо хамская гэтая руская вера. Поп гэты — дык няма каб паважна, як, напрыклад, ксёндз, рабіў адправу, а пакручваецца як на ражне, неяк, нават, здаецца, некуды падміргвае адным вокам. А пеўчыя проста дзяруць як дзяркачамі. Хоць-бы гэтаму Сурвілу загадалі змоўкнуць, а то як цьвікам па блясе скрабе, або кажухом па печы. А хрыстос — дык таксама не палюдзку на крыж прыбіты: не адным цьвіком у дзьве нагі адразу, а па цьвіку ў кожную нагу. От тут і трымайся гэтае веры як хочаш. Дурныя гэтыя мужыкі што ў каталіцтва не пераходзяць». Тут ён успомніў што нядаўна, вядучы каталіцкую процэсію, вымушаны быў даць дарогу процэсіі праваслаўнай, якую вёў Сурвіла. І падумаўшы пра гэта, сказаў сабе пад нос з горкім расчараваньнем: «і не пяройдуць ніколі, калі век вечны будзе гэтакае права». Хацеў нават плюнуць, але ўсё-ж не пасьмеў у сьвятым, хоць сабе і ў праваслаўным, месцы гэтак злосна выказваць свой настрой. Тымчасам клір царкоўны пажадаў рускаму цару здароўя і Сурвіла, перасмыкнуўшы сябе «крестным знаменем», загрукаў ботамі, выходзячы з царквы. «От мужык, — падумаў Мазавецкі, — нават і тут ступіць далікатна ня ўмее».

— Пане Сурвіла! — тузянуў ён яго за рукаў.

— Га?

— Маю да вас інтэрас.

— Які?

Яны разам вышлі на двор і пайшлі поплеч.

— Тут і ўсялякі дурны галетнік забагацеў-бы.