Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

народ. Поліцэйскі арол адважна рушыў паўз пераможанага ворага, а за ім пайшла і ўся праваслаўная процэсія. Яна вышла на рынак. Як падыходзіла яна над ратушку, прыстаў узяў пад казырок, і пайшоў поплеч з поліцэйскім. На рынку шмат было народу. Процэсія ішла ў шырокім праходзе паміж вазамі, народ ня зводзіў з яе вачэй. Як яна адышлася крыху, зноў пачалася кірмашная сумятня: чуўся мэталёвы звон — сяляне выпрабоўвалі косы, крамары заклікалі кожнага да сябе, старцы раптам засьпявалі на рынку ўжо; тлум гэты павялічваўся яшчэ ад царкоўнага і касьцёльнага звону. Назад процэсія варочалася ўжо іншаю дарогаю, але прыстаў адарваўся ад яе раней — ён зноў сядзеў на лаўцы перад ратушаю, раз-по-разу прымаючы рапарты ад сваіх удалых службістаў пра тое, як цячэ ў гарадку жыцьцё ў гэтакі тлумны дзень.

Тымчасам, касьцёльная процэсія таксама ўжо адхадзіла сваё. Набажэнства ў касьцёле канчалася. Да касьцёльнае брамы панскія фурманы пачалі падаваць фаэтоны. Самы дарагі фаэтон стаяў перад самаю брамаю, фурман лёдзьве стрымліваў спрыт мышастых рысістых коняй. Ля фаэтону даўно ўжо цёрся высокі чалавек: хто быў у процэсіі, або бачыў яе, пазнавала, што гэта той самы крыжаносец, шляхціц Мазавецкі. Ён распытваў у фурмана, а ці пан адразу паедзе дадому, а ці ў добрым ён сёньня гумары, а ці сапраўды ўжо ён як мае быць намерыў спрадаць кавалак зямлі ад вёскі.

Нарэшце, перад самым канцом набажэнства вышаў з касьцёлу пан з паняю. Паню падтрымлівалі пад рукі пакаёўкі. Пан падняўся да фаэтону. Зараз-жа падскочыла некалькі ні то зьбяднелых паўпанкаў, ні то так сабе няпэўных местачкоўцаў і траха не пабілася за права пасадзіць пана ў фаэтон. Пан даў ім па паўрубля гасьцінца і яны тут-жа пайшлі адразу ў піўніцу наладзіць паміж сабою мір і згоду. Пан сядзеў ужо ў фаэтоне, як падышоў да яго Мазавецкі.

— Дзяндобры, вяльможны пане!

— Дзяндобры, дзяндобры, Мазавецкі!

— Я дазнаўся, пане, што маеце ласку прадаць зямлю?

— Прадаю. А які інтарэс маеш?

— Я, вяльможны пане, хачу купіць.

— Ня купіш.

— Няхай пан будзе ласкавы сказаць чаму.