Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/17

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

чыстаты. Шэрыя твары, без пары старыя, без пары атупелыя. Калі з царквы вышла процэсія і сухарлявы папок узьняў над народам крыж, народ упаў на калені, ня так дзякуючы бога за яго ласкавыя міласэрднасьці да сябе, як проста баючыся ягонае помсты. Натоўп быў повен бяздум’я. Процэсія пайшла навокал царквы і сьледам за ёю пацягнуўся народ, устаючы з кален. Старцом загадана было сьціхнуць. Па самым перадзе процэсіі, крокаў за дваццаць ад яе, трымаючыся рукою за тронак шаблі, плыў поліцэйскі арол. А самую процэсію пачынаў дубаваты нізкі чалавек: голеная барада, вусы, кангеровы пільчак з павыціранымі крыху штрыфлямі. Ён нёс крыж і твар трымаў надзьмуты, як і трэба было рабіць у гэтакую ўрачыстую часіну. А за ім ужо ішлі пратэсы, абразы, пеўчыя, папок і багамольны народ. Абышоўшы навакол царквы, процэсія рушыла ў горад. Але на галоўнай вуліцы раптам ёй перагарадзіла дарогу каталіцкая процэсія. Гэта было нечакана ні тым, ні гэтым. Ісус і Езус на крыжох, што пачыналі кожны сваю процэсію, не пазнаўшы адзін аднаго, каб траха, дык бразнуліся-б адзін аб адзін. Пасьля гэтакае сутычкі, крыжы спыніліся, а за імі спыніліся і процэсіі. Іісуса на крыжы трымаў чалавек з надзьмутым тварам, але кангеровым пільчаку, а Езуса трымаў шляхціц, таксама вусаты і высокі, і адно што ўзьверх пільчака, ці што там у яго было, на яго нацягнена была закрыстыянская комжа. Каталіцкая процэсія вышла з рогу суседняе вуліцы і поліцэйскі арол, перад праваслаўнаю процэсіяй, ад нечаканасьці спачатку сумеўся.

— Пане Сурвіла, — сказаў вусаты шляхціц у комжы, — падайцася крыху на бок, і мы пройдзем паўз вас, разьміномся.

Праваслаўны крыжаносец яшчэ больш надзьмуў твар і хацеў ужо нават і сапраўды саступіць дарогу, але раптам заўважыў, што адважны поліцэйскі арол падняў угару рукі і падаў каталіцкай процэсіі маўклівую команду ачысьціць дарогу. Тады ў Сурвілы загаварыў патрыётызм:

— Яно то вам, пане Мазавецкі, спрытней было-б падацца на бок, у вас менш пратэсаў.

— Але нашы харонгі цяжэйшыя.

— Асадзі назад! — раўнуў раптам адважны поліцэйскі. — Жыва! Марш!

Мазавецкі адскочыў у бок як апараны, а за ім сышла на бок і ўся каталіцкая процэсія — харонгі, два балдахіны з ксяндзамі,