Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

2. СТАРЫ СУРВІЛА І МАЛАДЫ СУРВІЛЬЧЫК

Пасярод брукаванага рынку ў гэтым пяцьдзесят-вулічным заштатным гарадку стаяў змрочны будынак — два паверхі і вежа. Першы паверх быў схаваны за паўкругам дробных крам, з якіх гандляры, небаракі, прыкаваныя да рысы аселасьці, напрамілуй бог заклікалі да сябе людзей. Гармідар у сьвята, ці ў кірмашны дзень, быў страшэнны. Над жалезным крамным дахам узвышаўся верх будынку і вежа, ня лішне высокая, але гэткая, якая яна і павінна быць, паводле таго, на што яе калісьці будавалі: малюсенькія акенцы як у астрозе, адно над адным, з якіх і страляць льга, і наглядаць ці далёка ад гораду стаў варожы аблог; і верх — готыка. З сярэднявачча захавалася за гэтай будынінай назва — ратуша. Аблупленая змураваная цэгла прастаяць можа яшчэ ня мала часу. Над ўваходам у ратушу шыльда паведамляла, што ў гэты стары мех гісторыя ўліла новага віна і віно гэтае тут трымалася як ня трэба лепш. На шыльдзе было напісана: «канцелярия городского пристава». От у нядзелю, калі адбылося ўсё тое, пра што ў гэтым разьдзеле будзе гаварыцца, гэты самы прыстаў і сядзеў перад гэтым самым уваходам на лаўцы. Ён быў проста як лялька. Мясцовы цырульнік толькі што яго выгаліў, а старэйшы пісар у яго канцылярыі толькі што нацёр яго па нагавіцах і па сурдуце пруткаю шчоткаю. Бялявыя вусы з рыжым адлівам былі заядла падкручаны. Ён сіберным вокам ласкавага бацькі акідаў адданы пад яго апёку і ахову горад: ці няма дзе чаго крамольнага або проста непатрэбнага вялікай матушцы Расіі.

Было ніштавата часу па паўдні. Даўно адзванілі ў царкве — адпраўлялася праваслаўная імша. Ад’енчылі таксама і касьцёльныя званы: адпраўлялася імша каталіцкая. Сонца апякала горад, народ варушыўся ў ім. На ганках у касьцёл і ў царкву стаялі натоўпы старцоў — сьляпыя, крывыя, хворыя, няўдалыя. Лернікі круцілі корбы і падсьпеўвалі пад свае леры, ня маючы часу пацерці гнойныя вочы. Бязрукія паказвалі сваё голае калецтва і енчылі, вымушаныя ператварыць свае няшчасьці ў профэсію. У працягненыя рукі, у раскладзеныя шапкі людзі кідалі медзякі — людзі, у галоўнай масе сваёй мала чым не падобныя на гэтых старцоў: сьвяточны шарачак, сьвяточнае зрэб’е, сьвяточныя лапці нават. Адно што зрэб’е было памыта і ў ім ня было не-