Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/159

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выскачыў з касьцёлу і затрос перад старцамі кулакамі. Старцы сьціхлі. Малады чалавек, што прыехаў гэтымі днямі ў гарадок, акінуў вокам старэчы натоўп. Іх было многа. Сярод іх нават і калек было мала. Проста гэта былі абшарпаныя людзі, у брудных лахманйох, сьціснутыя, сагнутыя. Яны выбіраліся на вуліцу і па той бок брамы пачалі разьмяркоўвацца паўз дубовы тын. Сярод іх быў адзін стары чалавек, белы ўвесь, асьнежаны сівізною. Ён моўчкі стаяў з працягненаю рукою.

Малады чалавек зірнуў на яго, спалатнеў раптам, ня ведаючы — загаварыць з ім, ці не. Пасьля неўзаметкі падышоў пад яго.

На замкавай вежы выбіла гадзіну. Малады чалавек тады вышаў на рог вуліцы і стаў чакаць. Чакаў ня доўга. Неўзабаве пачалі выходзіць дэмонстрацыі: вучні закрытых беларускіх школ, парабкі з бліжэйшых двароў, рабочыя з пільні, з цагелень…

Чалавек далучыўся да дэмонстрацыі і павёў першую колёну касьцельнаю вуліцаю на пляц. Там ён пачаў гаварыць.

«… Не ад мора да мора, а ад мора да СССР, (а ад Віленшчыны да Меншчыны, ад Львоўшчыны да савецкае Украіны ўдубальт!) ляжыць краіна з скрываўленым целам…»

Дэмонстрацыя пайшла бураю па вуліцах гарадка.

Поліцыянты стралялі, а дэмонстрацыя, разышоўшыся, зноў сыходзілася і зноў залівала вуліцы. Бачылі ў гэтым людзкім струмені сівага чалавека, якога раней прывыклі бачыць ля касьцельнае брамы з працягненаю рукою. Ён як ажыў раптам, гэтак зьмяніўся ён. Ён ішоў разам з усімі, падняўшы кулакі ўгару і выгукваў наконт спаленых вёсак, наконт замучаных у турмах людзей, наконт старэчае торбы… Яго голас зьліваўся з навальнічнымі гукамі запоўненых людзьмі вуліц.


4.

Парабкі з афіцын стралялі ў панскі палац, выганяючы адтуль поліцыянтаў. Перад палацам на сьнезе трапятаўся, праколаны штыхом, белавусы пан. Мазавецкі аддаў богу душу ў агні свайго падпаленага хутару. Вецер гнаў і раскідаў полымя з панскіх маёнткаў. Трашчала ў агні смольная хвоя на панскіх аборах і стайнях. Чырвоныя сьцягі зьяўляліся на скрыжаваньнях дарог.