Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/158

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Малады чалавек, высокі, зусім з юнацкім выглядам, неўзабаве вышаў ціха на вуліцу. Стараючыся не нарывацца на рухавыя вочы пэўных людзей, ён прахадзіў нейкі час па вуліцах, пасьля сеў на цягнік. Цягнік ішоў да канца ночы і ўдзень.

Чалавек сышоў з цягніка на глухой станцыі. У пустой «рэстарацыі» ён пасядзеў хвілін з дваццаць, нагледзеў сялянскую фурманку і паехаў. Ён быў у кажушку і здавалася, што гэта таксама малады фурманшчык. Яны ехалі бітым гасьцінцам кілёмэтраў з пятнаццаць і ўехалі ў глухенькі гарадок. Там ён разьлічыўся з сваім фурманшчыкам і зараз-жа знайшоў трухлявую старасьвечную Ёселеву стадолу.

— Ага, таварыш малады Чуйка, — спаткаў яго Ёсель і павёў яго ў глухую каморку з дзьвярыма ў стадолу, — адпачні, тут цябе ніводзін сабака ня знойдзе. Я падпільноўваць буду. Паведаміць тваіх таварышоў што ты тут, ці ты сам?..

Аднаго дня малады Чуйка ішоў у гарадку вуліцаю. Было яшчэ рана. Званілі зараз аж на трох званіцах. З пустога пляцу ён падаўся ў вуліцу. Там заўважыў натоўп людзей і шмат панскіх фаэтонаў. Ён ушыўся ў натоўп. Там быў вялікі касьцёл сярэднявечнае архітэктуры. У няжывой позе сваёй стаялі над уваходам у яго барэльефныя постаці акамянелых біскупаў. Натоўп быў ня вельмі вялікі. Шмат панскіх слуг, падпанкаў, вусатых дзядзькоў у добрых гаспадарскіх суконных сьвітах з капюшонамі. Дзяцюкі з выглянсаванымі халявамі.

Арганы загралі ў касьцёле. Дзьве маладыя гарадзкія жанчыны, робячы перад глянсаванымі дзяцюкамі сьціплы выгляд і, разам з тым, стараючыся паказаць ім неўзаметку, што каралі ў іх спускаюцца з голае шыі на грудзі, і што каралі гэтыя мала чым не падобны да сапраўдных дарагіх панскіх караляў, сьпявалі адна аднэй, сумысьля перад дзяцюкамі:

— Як мне млосна стала, калі пан пробаршч канчаў казаць пра бальшавіцкія зьдзекі над народам.

З скуры лузаліся, каб выгаварыць не «па-просту», а па-польску:

— Невядома ці пан пробаршч по мшы будзе чытаць адозву ойца папежа рымскего, ці…

Арганы сьціхлі. Дзьве жанчыны неўзаметку пераміргнуліся з дзяцюкамі і пайшлі ў касьцёл. Дзяцюкі рушылі за імі. У цішыні раптам пачуўся старэчы голас. Загула лера. Паджылы шляхціц