Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/157

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Голас.

(з лавы комуністычных дэпутатаў)

Абярнеце палову дзяржаўнага бюджэту на турмы.

Старшыня.

Заклікаю вас да парадку.

Дакладчык.

Мы чулі ўчора з гэтай трыбуны нахабнае выступленьне комуністычнага дэпутата…

Голас.

Калі з жывога нявольніка зьдзіраюць скуру і калі ён будзе спрабаваць бараніцца, дык гэта, значыцца, нахабнае выступленьне?

Дакладчык.

Мы ня можам тут вырашаць спакойна дзяржаўныя справы, калі яны ўздымаюць люд на ўсялякія дэмонстрацыі…

Голас.

Пасадзеце некалькі мільёнаў насельніцтва ў турмы і тады будзе вам тут латвей гаварыць.

Старшыня.

Яшчэ раз заклікаю вас да парадку. Вы, пане пасол, павінны быць удзячны за тое, што вас выпусьцілі з турмы.

Голас.

Я ўдзячны за гэта тым рабочым, якія сваімі дэмонстрацыямі не даюць вам тут спакойна гаварыць пра шыбеніцы ім.

Пасьля гэтага падняўся гармідар; выгукі. Старшыня застукаў па трыбуне, стараючыся ўлягаваць цішыню.

....................

3

У самых бедных, забруджаных галечаю кварталах гораду, на вузкай вуліцы, у пакоі старога дому, упоцемку гаварылі ціха некалькі чалавек.

— Табе, Рыгор, ня можна больш быць тут.

— Выбірайся з Беластоку, таварыш Чуйка.

— Табе трэба цяпер быць на самым усходзе, на сваёй радзіме. Ты там усё добра ведаеш. Ідзі пад сваю вёску.