Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тады бадзяцца па сьвеце, каб дзе гэтую сваю волю з плеч скінуць…

Пасьля яго гаварыла жанчына. Старшыня паседжаньня ня спускаў вачэй з нядаўнага прамоўцы. Як скончылася паседжаньне, ён знайшоў яго ў фойэ.

Розьніца ў гадох была паміж імі не малая, але яны адразу пазналі адзін аднаго.

— Гушка? — сказаў той чалавек адразу, як толькі старшыня паседжаньня працягнуў яму руку. — Я глядзеў раней усё на цябе, ды ўсё сам сабе ня верыў…

— Не забыўся, значыцца, як ты тады, даўно, калісьці, хапіў быў за павады маіх коняй, калі яны пусьціліся бегчы па ральлі, як са мною аконам распраўляўся?.. Дзе-ж ты цяпер?

— У №-скім колгасе.

— Дык нам-жа разам дадому ехаць будзе…

Зьезд тады падыходзіў да канца. Зьезд ухваліў пастановы пра пабудаваньне новых фабрык і заводаў, пра будаваныне некалькіх новых раённых электрастанцый. Гэтае апошняе пытаньне ставіў на галасаваньне Леапольд Гушка.

Ужо ў апошні дзень зьезду Леапольд Гушка, праглядаючы газэту, прабег вачыма кароткую нататку — перадрук з польскіх газэт. Ён памеркаваў, што яшчэ дзён праз два, не раней, выедзе дадому і выразаў гэтую нататку з газэты і паслаў з кароткім лістом у свой колгас Сымону Чуйку. От што пісалася ў гэтай нататцы:

«Бастуюць парабкі па маёнтках. Поліцыя шукае організатара забастовачных комітэтаў, Рыгора Чуйку!»

Леапольд Гушка і колішні ягоны таварыш парабак з двара, з якім яны цяпер спаткаліся на зьезьдзе, трымаліся разам, аж пакуль ня выехалі разам дадому ў адну дарогу. Гушка на ўсіх вялікіх станцыях пытаў новых газэт і шукаў у іх навін пра заходнія падзеі. Высокая постаць яго была ўвесь час з газэтаю ў руках ля вагоннага акна. Спачатку ён глядзеў як беглі за акном асьнежаныя прасторы, пасьля сеў, каб больш ужо не адрывацца ад газэт. Халявы высокіх ботаў яго прыгнуліся пад каленямі.

Пасьля цягніка, з позьняе раніцы і аж да змроку, таварышы ехалі ў павольных сялянскіх санях. Ехалі гасьцінцам скрозь, пакуль не зачарнеўся перад імі, крыху ўправа, хвойнік. Тады яны ўзялі ўлева, у новую вуліцу. Быў ціхі змрок. Яны выразна чулі,