Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/152

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

выездам і вельмі шкадую, што не выпадае мне быць у цябе, паглядзець, як вы цяпер ведзяце рэволюцыю праз сваю мясцовасьць, пабачыць знаёмых людзей. Мне Адась гаварыў, што вы на самай граніцы, што гарадок той і пільня тая, дзе я калісьці з Антусём тваім працаваў, у Польшчы…

— Пільня тая?.. Там і мой Рыгор гэтыя гады быў…

— Мяне цяпер на вайну больш не пагоняць. А пагоняць, дык на сваю галаву. Гэта самае сказалі і ўсе на нашым мітынгу — амэрыканцы, і палякі, і нашы землякі…

Цяпер Сымон Чуйка як-бы раптам вышаў з аднаго і ўвайшоў у другі плян сьвету. І ён цяпер глянуў на самога сябе не як на пакрыўджанага лёсам чалавека, што праседзеў гэтулькі год у турме. Гэтакаю ён знайшоў ў старую жанчыну, што калісьці была за гаспадыню ў трухлявай хаціне на ўзьлеску.

Ужо ў наступныя дні ён спатыкаўся з ёю раніцаю, калі ішоў разам з усімі на працу, а яна ішла на сваю. Даваў ён добры дзень і чуў, што яны абое, можа гэтак як ніхто з тутэйшых людзей, разумеюць тое, як іх перамалола жыцьцё.

Леапольд Гушка, упарта, як калісьці рваў тыя камяні, ля хвойніку, вёў сваю работу. Гэтая раньняя зіма спаткала яго новымі клопатамі новае гаспадаркі. У колгас прыходзілі новыя людзі з таго боку. Там пятрэлі на ветры попелішчы ад іх хат, і праз каторы ўжо год гэта, дык, яны, гэтак як Сымон Чуйка, знаходзілі сабе долю і волю тут. Калгас будаваў новыя хаты. Леапольд Гушка, пільным вокам спрактыкаванага гаспадара, сам плянаваў месца, вылічваў дні, матэрыял і рабочыя рукі. З самага ранку яго бачылі ля колгаснае конторы, увечары дзе-небудзь на людзкім зборышчы.

Сьнегу гэтую зіму было мала спачатку зімы і пад самую мяжу відаць было, як тырчыць з пад белага засьцілу бадыльлё засохлага зельля, якім там урос гасьцінец. Апусьцелы тут, ён ажыў крыху далей, дзе ад новага канца вёскі брукаваўся ён каменем: кучы гэтага каменьня ляжалі паўз яго скрозь. З яго відаць быў новы будынак на ўзьлеску, дзе стаяла калісьці тая хаціна: там нядаўна выбудавалі колгасную абору. Скрозь па гасьцінцы, да самае вёскі, і па ёй, перад хатамі, стаялі слупы — яшчэ дроту на іх ня было, але ўжо ў блізкім мястэчку канчаўся будынак электрастанцыі.