Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/147

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Натоўп паваліў сьледам за старым, пакуль поліцыянты не пачалі адганяць назад людзей. Тады, нейк неўзаметку, натоўп стаў шчыльна зьбірацца ля самае ратушы.

— Усе да ратушы! — гукала некалькі галасоў, — патрабаваць каб выпусьцілі нашых людзей!

— Годзе трымаць іх!

— Завошта гэта іх? Тады ўсіх трэба браць, бо ўсе гэтак як яны хочуць есьці, папарабіўшы да сёмага поту!

Кірмаш адразу зьмяніўся. Фурманкі раптам зьніклі: баязьлівыя рушылі з гарадка дадому, сьмялейшыя ад’ехалі далей, у вуліцы, у дварох і стадолах пакінулі коні і вярнуліся назад, патрабаваць, або проста глядзець, пакуль яшчэ нічога страшнага тут ня было. А шмат назьбіралася і тых, што протэставалі сапраўды і другіх заахвочвалі. Выявілася, што тут абазваліся парабкі з панскага маёнтку, што тут і работнікі з прыгараднае цагельні, што тут людзі і з пільні. Натоўп вырас. Кіраўнікі людзкое абуранасьці мусіць чакалі гэтакага моманту напагатове, бо раптам пайшлі па руках лістоўкі. Там вычытвалі заклік зараз-жа патрабаваць: выпуску арыштаваных сялян, зьмяншэньня гадзін рабочага дня на пільні і цагельні, павялічэньне пэнсіі і ардынарыі парабком у блізкіх тут панскіх маёнтках, скасаваньня выплаты пану і асаднікам за скошаную некалькімі вёскамі спрэчную сенажаць, за што пасьпела нарасьці процантаў больш, як было там тае сенажаці.

Натоўп вырас вялікі. Аднекуль выбухнулі чырвоныя палотнішчы з надпісамі. Натоўп расьцягнуўся ў дэмонстрацыю.

Ужо тады, калі рабочы з пільні сказаў кароткую прамову, у натоўпе заўважылі, што на рагох вуліц пры пляцы зьбіраюцца поліцыянты. Тады вышлі на ганак ратушы некалькі чалавек. Пазналі сярод іх — Стафана Марцынкевіча, войта Мазавецкага, Сурвільчыка, ксяндза… Марцынкевіч не гаварыў свае прамовы з ганку ратушы: а як-жа, ён-жа не жандар, ня службовец тутэйшы, не прадстаўнік улады, ён проста паважны грамадзянін гэтага гарадка, «зарабляе сабе на кавалак хлеба службаю ў князя». Ён пачаў гаварыць з таго самага возу, з якога сышоў нядаўна рабочы. «Беларусы самі павінны падтрымліваць парадак у дзяржаве, бо ўсялякі непарадак на руку бальшавіком. Дзяржава ўжыве супроць нас сілу, калі мы будзем вар’явацца тут з гэтымі