Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/145

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Дык чаго-ж народ, дурны, слухае? — абурылася на народ жонка нейкага гарадзкота паўпанка.

— Што-ж ты з народам зробіш! Народ дурны!

Відаць у гэтым натоўпе не знайшлося ніводнага чалавека, які-б прылічаў-бы сябе да народу, бо ніхто не пакрыўдзіўся на тое, што народ дурны. Наадварот, пачалі гаварыць пра нейкі там народ гэтакія рэчы, што каб гэта была праўда, дык сапраўды шчасьлівы той, хто не належыць да народу.

Тымчасам скончылася імша і натоўп пачаў разыходзіцца з пад касьцёлу. Якраз у гэты час з новага гарадзкога астрогу кудысьці павялі некалькі чалавек. Натоўп з пад касьцёлу кінуўся ў той бок глядзець.

— А што, гэта можа тыя самыя?

— Напэўна тыя. Нездарма казалі.

Арыштаваных было чалавек чатыры. Сярод іх сапраўды быў стары з сіваю барадою. Пра яго адразу і загаварылі:

— А што! От і той самы, што тут казалі, барада прыклеена.

— Э, дык гэта-ж той самы старац, што стаяў заўсёды ля касьцельнае брамы, з працягненаю рукою.

— Што, ён заўсёды стаяў ля касьцельнае брамы? А божачка мой, гэта-ж гэтулькі часу ён быў у нашым горадзе, выглядаў усё што тут робіцца і паведамляў на той бок бальшавіком.

— Дык гэта-ж шпіён, калі гэтак!

— Шпіён? Дзе шпіён? Каторы?

Тымчасам арыштаваных вялі рыначным пляцам проста да ратушы. Сяляне адрываліся ад вазоў і праводзілі іх зіркам. Раптам хтосьці гукнуў з возу:

— Гэта-ж унь Няміру павялі! Старога Няміру павялі!

І некалькі чалавек, пакінуўшы вазы, пайшлі сьледам. Арыштаваных павялі ў ратушу. Каб прапусьціць іх, натоўп ля ратушы падаўся ўбок і стары сівабароды чалавек, якога вялі, ўбачыў як стаяў ля самага праходу вусаты чалавек ў старасьвецкім футры. Ён трымаў рукі ў рукавох і ня спускаў вачэй з арыштаваных. Стары чалавек, якога вялі, раптам загаласіў:

— Пане, паночку Марцынкевіч! Ці пазнаеце мяне? Ласкі прашу, зьлітуйцеся.

Ён ледзьве гэта выгаварыў. Яго штурхнулі далей і праз момант ён ужо, задыхваючыся, паднімаўся ўгару па ўсходах цёмнага корыдору. Натоўп стаяў перад ратушаю. У натоўпе гаварылі