Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/144

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— А хіба-ж гэта ў нас было?

— У нас. У нашым кляштары. А дзе-ж!

— Ай, ах, ах-ах, — адно заахкаў хтосьці. — Гэта-ж трэба, у кляштар увабрацца!

— І то скажэце, васпане, што якраз ад аднаго слова адышоў, як яго хто гарматаю адкінуў. І чаму гэта?

Тут ужо той што расказваў і сам ня ведаў, што сказаць і зрабіў самае лепшае, што мог у гэтакім выпадку — зусім нічога не гаварыў больш, а значыцца прымушаны былі дагаворваць да канца тыя, што слухалі і гэтакім парадкам неўзабаве стала вядома тут перад ратушаю, а адгэтуль пайшло сярод некаторых засьцянковых жанчын і дайшло аж да касьцельнага цьвінтару, што некаторае ночы на горад меўся быць напад нейкіх грабежнікаў, а мнішка з кляштару мела ад бога шчасьце наперад усё ведаць і вышаўшы ўночы за кляштарную браму, адным словам сваім выратавала горад ад вялікага няшчасьця. А няшчасьце магло быць вялікае, бо гэтыя грабежнікі былі пасланы бальшавікамі з таго боку мяжы.

— А нікога не злавілі? — пыталі там ужо, ля касьцёлу.

— Злавілі, — знайшоўся гэтакі нехта што ведаў.

— А дзе іх злавілі?

Дык тут пачаліся дакладнасьці. Перш за ўсё знайшоўся гэтакі чалавек, што сам бачыў як сёньня зранку, «яшчэ пан пробаршч не пачынаў імшы, а толькі пан арганіст граў на арганах гадзінкі», вялі аднаго злоўленага грабежніка. Ён быў пераадзеты за абарванца, і да твару яго была прыклеена барада зусім сівая.

— А куды яго павялі?

— Ну куды-ж яго павінны вясьці! Ведама куды!

— Аааааа.

— Айяйяйяяяяяй.

— От-жа бачыце.

Тымчасам ужо хтосьці гаварыў тут, што бальшавікі больш панасылалі сюды сваіх людзей угаворваць народ, каб ён пераходзіў туды на іхні бок. Што яны там дакляроўваюць рай, а ня жыцьцё, а як толькі чалавек туды пяройдзе, дык там адразу становяцца ў яго па бакох два салдаты і гоняць чалавека секчы лес. Гэтак чалавек працуе, пакуль богу душу не аддасьць. Дык нават і варона тады ягоных касьцей ня знойдзе.