Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/141

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— На той бок. Колькі людзей цяпер пайшло туды — страх. Што-ж, калі гэтак прышлося — дык чаго я тут буду? У горадзе там людзі казалі, што за гэтыя дні колькі туды народу перайшло мяжу, дык адно некаторых злавілі. А там, кажуць, работы кожнаму хапае, там кожны як дом сабе знаходзіць. Не дадуць мне там зямлі, дык так на работу стану. Або ў колгасах работу мець буду. Унь, мне выразна казалі ў горадзе, што нават наўмысьля недзе ля Вільні, ці ў самай Вільні, шмат рабочых папрасіліся, каб пусьцілі іх туды ў заработкі. Іх то ня пусьцілі, а я і прасіцца ня буду. Што мне рабіць больш. Дзе мне дзецца тут. А унь з Амэрыкі, кажуць, туды людзі едуць. Даўней дык у Амэрыку ўсё ехалі, а цяпер з Амэрыкі да бальшавікоў. Калі толькі палавіна гэтага праўды, дык і то — чаго мне тут быць, чаго пільнаваць? Што-ж, зараз-жа прыдуць з панскае, значыцца, хаты выкідаць. Дык няхай выкідаюць!

— А хто табе казаў пра ўсё гэта.

— Хто мне сказаў пра ўсё гэта? Што каму рупіць, то той пра тое і жупіць. Калі мне што трэба пачуць, дык я да таго і прыслухоўваюся. А калі што каму трэба пачуць, дык ён знойдзе каго слухаць. Што-ж, цяпер народ жыве як на пораху. Спадыспаду, значыцца, порах і сухі вельмі. Народ чакае нечага. Народ рабіць нешта зьбіраецца. Ці на тое гэта вайна гэтакая на галаву ўсяго народу ўсьсела была, каб народ і дагэтуль дурны астаўся? Што, гэта на тое рэволюцыя была, ды і не адна, каб пан з войтам правілі на маёй галаве сваё права? Унь маю дзяўчынку ня прынялі вучыцца. А і што там вучаць. Калі дзіця скажа слова гэтак як самною ў сваёй хаце гаворыць, дык значыцца — што? па хамскі, па хлопскі загаварыла?! А па польскі ня хочаш? Ну добра, калі ты паляк, дык я-ж табе не затыкаю рота, каб ты па-свойму казаў. Што-ж ты мне мой рот затыкаеш?.. А гэта — дзе я ня быў, усё-адно на панскае з гэтаю зямлёю выходзіць. Чаму-ж унь хутаранцам, дык як чорт дзеці калыша. І гміна, і бог за іх стаіць. Чаму-ж асадніку якому, дык усялякі закон, каб яго ня ведаць, памагае?

Ён скардзіўся, ён горніўся перад людзьмі, перад сабою, гэты чалавек. Ён ужо ня меў іншае думкі, апроч гэтае.

— А што-ж, чаго чакаць? Каб-жа гэта са мной адно гэтак? А то-ж куды ні глянь, каго ні паслухай. Усюды гэтак. Няма куды народу падацца, няма за што ўзяцца. Я пражыў век свой ціха з усімі, спакойна з кожным, я адно рабіў заўсёды як чорны