Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/142

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вол, на сябе ці на нейкага? Дык-жа і рабіць не даюць. Жыць на сьвеце чалавеку няма як. Хто дужшы, той прутшы. Дык можа і я дужы, а калі гэтая дужасьць у ланцугох? у аднаго во колькі, як у пана, напрыклад, або ў багатыра кожнага, а ў другога — во колькі, аж ня відаць, хоць ты праз шкло глядзі колькі ў яго там ёсьць. Ды яшчэ я і вінен тут у нечым. Што, гэта з дабра забастоўкі ня спыняюцца па гарадох на фабрыках? Што, гэта з дабра людзі галодныя ходзяць, шукаючы работы. Што, гэта з дабра парабкі ў паноў на работу ня выходзяць, а бунтуюцца? Зацісьнены ўсе. І каб-жа гэта адно са мною, каб гэта адно тут, а то куды ні глянь, у каго не папытай, куды ні кінься…

Сымон Чуйка чуў сябе гэтак, што нібы ён і ня прыходзіў дадому адтуль, дзе ў арыштанскіх лягерах рабіў некалькі год.

У той вечар ён ведаў, што нездарма прышоў сюды: ён пачуў выразна пра свайго Рыгора. Той самы чалавек з пільні сказаў яму, што Рыгор яго ўжо на волі. Ён гэтак сама як і раней кіруе забастоўкамі парабкоў па дварох і рабочых па тутэйшых гарадох і гарадкох. Што ён цяпер, здаецца — тут чалавек або не адважыўся хоць і ягонаму бацьку адразу сказаць гэтакую праўду, або можа і сам дакладна ня ведаў — Рыгор Чуйка цяпер, здаецца, зараз будзе тут поблізу.



3. РАТУША

У нядзельку зранку касьцельныя званы ззывалі народ на імшу. На рыначным пляцы зьбіраўся кірмаш. Да гарадка споўзваліся сялянскія фурманкі з сялянскім набыткам. Да паўдня, пакуль пачалася ў касьцёлах і ў царкве адправа, народу на рынку назьбіралася ніштавата.

Перад ратушаю на пляцы быў прачышчан ад вазоў шырокі праход. Поліцыянты аглядалі вазы, выстройвалі ў рад іх на праходзе, узьнімалі крык, калі каторы воз вытаркаў крыху на праход. На ратушы тросься сьцяг з белым арлом, перад самаю ратушаю стаялі людзі, апраненыя ў добрыя ватоўкі, у суконныя, добрае работы, буркі. Кажушкі і выцертыя халаты мясьціліся ззаду, прыслухоўваючыся да гутаркі ў натоўпе паважных гаспадароў у бурках і ватоўках. Нейкі чалавек у кароткай бравэрцы, у глянсаваных ботах — дробныя вусы ўгару, сіняя варшаўка нізка