Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/135

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

што, але той вельмі шпарка прайшоў, адно нейкія жандарскія шнуры бліснулі на ім. Другога каго Няміра пазнаў — дык гэта быў сам Мазавецкі. Яго як войта выклікалі, каб ён пасьведчыў, што гэта сапраўды чалавек з падуладнае яму вёскі. Той пазнаў Няміру адразу і пасьведчыў. Няміра пачаў прасіць яго памагчы яму і ён зрабіў ласку, у імя таго, што калісьці яны разам аралі зямлю ля аднэй вёскі, хоць адзін параконным плугам, а другі нейкаю ламачынаю, — ён расьпісаўся, што Няміра заўсёды жыў у гэтай самай вёсцы, пакуль не забралі былі яго той раз.

Пасьля гэтага Няміра яшчэ шмат сядзеў, пасьля, убачыўшы, што стары напэўна доўга не пажыве на сьвеце, выпусьцілі і ён расьпісаўся як умеў, што далей гарадка ў бок дзяржаўнае мяжы ніколі ня пойдзе. А на цэлы год ня мае права нават і з гарадка нікуды рушыць. Гэтакім парадкам неўзабаве людзі пачалі заўважаць ля касьцельных, кляштарных і царкоўных дзьвярэй, у старэчым натоўпе, новага жабрака. Ён быў зусім сівы, стаяў заўсёды нейк няспрытна крыху наводалек ад усіх сваіх таварышоў, не маліўся, не сьпяваў нічога, а моўчкі трымаў працягненую руку. Зачырвоненыя і мокрыя вочы яго глядзелі ў зямлю, а сівая галава трэслася. У кірмашныя дні ён хадзіў па рыначным пляцы паміж вазоў і знаёмыя сяляне не давалі яму памерці з голаду.



2. МАЛАДОГА ЧУЙКІ НЯМА НА ЛЕСАПІЛЬНІ

Не сказаць каб Сымона Чуйку вельмі аглушыла навіна, што ягонага Рыгора няма на лесапільні ўжо можа больш за тры гады. Чалавек звыкся з гэтакаю справаю, што ніколі ня выходзіць яму гэтак, як добра. Апроч таго ён як-бы да гэтага падрыхтаваны тым, што бачыў навокал сябе. Шмат зямлі ён бачыў пабітае на хутары, шмат бачыў як вырасьлі новыя фальваркі, а сялянскія загоны яшчэ больш падрабнелі. Асаднікі сядзелі на лепшых мясьцінах, парабкі цягалі ярмо па панскіх дварох, зьмянялася ўсё, а разам з тым здавалася, што ўсё гэтакае спрадвечнае, улягаванае.

Ён бачыў, што колішняя тая старая лесапільня стала большая, рабочых у ёй пабольшала, лесу яна пераводзіць больш як калі раней. Лес скрозь паўз гарадок высякаецца, вывозіцца нямаведама куды. Лесавыя высечкі ні новым лесам не засяляюцца, ні пад поле ня вырабляюцца — хіба гэтак хапае людзям зямлі тут?