Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/134

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ваць зямлю папрыяжджалі нятутэйшыя людзі. З сапраўднае Польшчы папрысылалі іх. Унь і той фальварак што будуецца ля Мазавецкага фальварка, ведаў цяпер Няміра, належыць гэтакаму асадніку. Той хутар, што яму далі, ён размахнуў ва ўсе бакі, заарандаваўшы гэтакім парадкам навакольную сялянскую зямлю, а на зямлю гэтую наняў парабкоў. Гэтакім парадкам тутэйшыя людзі пайшлі за парабкоў рабіць на сваёй уласнай зямлі. Гэта ні тое што багацейшыя, хоць сабе і тутэйшыя людзі. Тыя дык могуць пайсьці на хутар і там не гараваць. Гэтакі — дык яшчэ і прыдбаць больш можа. А от тут гэтыя хаты, яшчэ ўсё чакаюць, няма ведама што ім рабіць. На вясну таксама мусіць давядзецца ў парабкі падавацца. А некаторыя нават пасьля таго як калісьці ў вайну вёска згарэла — дык нават і не пазабудоўваліся — лес дораг, помачы — ніякае, дык так і парассыпаліся па сьвеце нямаведама куды, за ўвесь гэты час…

Няміра нарэшце стаміўся слухаць. Ён папрасіў каб яму паслалі дзе. Гэтак ён перабыў, перастагнаў некалькі дзён у гэтай хаце, пасьля перайшоў да іншага суседа. А пасьля яшчэ да аднаго… І гэтак ён перабыў ва ўсіх вяскоўцаў. Нарэшце перайшоў у суседнюю вёску, жывячыся паміж людзей. Пасьля падаўся яшчэ далей, страшна нудзячы на сваім попелішчы, па сваім Паўлу, па сваіх блізкіх. Праз некаторы час ён ня вытрымаў і пайшоў у той бок, дзе за рэчкаю астаўся другі канец вёскі. Ён нават ужо нейк дайшоў амаль што не да самае драцяное загарадзі, як яго спынілі і пагналі назад. У гарадку ён сядзеў у новым нядаўна збудаваным астрозе шмат нешта часу. Некалькі разоў яго дапытвалі, ён ужо ледзьве жыў, ледзьве гаварыў. Яго зноў варочалі ў астрог і ён ужо як у няпрытомнасьці адно разглядаў людзей навокал сябе. І ці сапраўды ён нікога знаёмага ня бачыў, ці не пазнаваў. А пасьля пачалі трапляцца яму знаёмыя. Першы — дык гэта Сурвільчык. Яго ён не пазнаў адразу (вядома, прайшла маладосьць у чалавека), а пасьля як пазнаў, дзівіўся ўсё — ён-жа ў другую рэвалюцыю пайшоў быў ваяваць зусім не за Польшчу, а за Расію, гэта стары цяпер успомніў. Памяць яго ўсё добра трымала ў сябе, ня гэтак як цяперашняе ўсё, што не магло ўжо надоўга і глыбока аставацца ў галаве; толькі сэрца ягонае не пакідала сьціскацца ад нуды, бяды і гора. Сурвільчыка ён убачыў у жандарскай канцылярыі, адкуль выводзілі яго пасьля допыту. Сурвільчык яго не пазнаў. Стары можа і пачаў-бы прасіць яго, каб той памог яму