Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/136

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Поліцыянты, жандары стаяць у кожнай вёсцы, панскія стражнікі езьдзяць па лесавых каморах, паплаўнічыя з бізунамі пазаціскалі ў сівец вясковыя паплавы і ў камяніцы і ў лагі сялянскія загоны. Вецер круціцца ў быльнягу на ўдзірванелых межах; натоўпы старцоў стаяць на касьцельных цьвінтарох.

Ён усё аглядзеў, убачыў усё, пасьля астрогу, Сымон Чуйка. А ў вёску сваю ён так і не папаў, ня мог нават глянуць на яе. Яму сказалі, што нічога ён там, што хацеў-бы, ня ўбачыць, нічога ня знойдзе. Хлопец яго з лесапільні не пайшоў туды, ён гэта ведаў. А сям’я яго — недзе на тым баку мяжы, людзі ведалі гэта і сказалі яму. Як тады загналі яго былі разам з усімі кудысьці далёка ў астрогі, і як мяжа пачала праходзіць, сям’я збаялася, што і за яе возьмуцца з-за яго. І яна падалася на той бок. А дзе яны там, і што яны там робяць? А Рыгор яго так і прабыў польскім абозьнікам нешта вельмі доўга, ніяк нельга было яму выбрацца з самае гушчырні польскае арміі. А як вярнуўся ён дадому, попелішча ўжо зарасло травою, некаторыя людзі ўжо думалі з чаго тут пачаць забудову; а нікога свайго тут ён ужо не знайшоў. Можа ён тут і ня быў-бы, каб ня думка пра бацьку. Недзе ў астрозе астаўся бацька і можа яму ўдасца што-небудзь памагчы яму? Як гэта можа быць нельга было сказаць, але таксама нельга было і пакінуць «старога аднаго». І Рыгор Чуйка, падумаўшы крыху як узяцца за бацькаўскае кодлішча, як паставіць яго на ногі з попелішча, махнуў неўзабаве рукою, ні да чога не дадумаўшыся і пайшоў на лесапільню. Яму работу далі былі, а як-жа, ён-жа ваяваў за Польшчу, ён-жа вельмі доўга прабыў у абозе польскае арміі! Гэтак ён умеў паставіць справу. Нельга сказаць, каб там ён спаткаў шмат рабочых — пільня ня была вельмі вялікая. Але ўсё-ж, людзі з блізкіх вёсак найшлі тут сабе сякі-такі галодны заработак. Найбольш тут былі людзі тыя, што не маглі ўжо аніяк пражыць на сваіх загонах, былі і такія, што выпусьцілі сваю зямлю суседу хутаранцу, ня могучы выбрацца на хутар, або за якія даўгі аддалі сваю зямлю на час, ці і назаўсёды, пану-асадніку. Былі панскія парабкі, зволеныя з працы. А найбольш, дык тут церліся людзі — і з вёсак, і з гарадка, якім не хапала работы. Гэтая глухая мясцовасьць больш як якая іншая не магла даць ім заработку. Яны трымаліся блізка ля пільні, маючы надзею, што яна стане большая і больш запатрабуе людзей.

Цесьляры не знаходзілі работы — ніхто нідзе не будаваўся.