Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/133

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дому скрозь стаялі будовы, нейкая хата ля стайні, ну проста такі, і няйначай, афіцына парабком.

Там ля гэтае сялібы быў вялікі кавалак поля як скарбовага ўсё-адно: бяз меж і загонаў. Там-жа былі раней радавітыя сялянскія палосы, здаецца нават і самога Няміры поле кратаў цяпер гэты польны абшар. За гэтым фальваркам будаваўся другі. Быў забудаваны ўжо, адно без агароджы яшчэ.

Стары Няміра адубеў, стоячы на скавышы, ня бачачы людзей на пустой вуліцы. Недзе блізка, у пуні, чуў ён, шастала церніца, ён падаўся туды. Там яго спачатку не пазналі, пасьля жанчына прыбянтэжылася, пазнаўшы яго — гэтак усё ёй было нечакана. Хто думаў, што ён яшчэ жыве, гэты стары? Ён зайшоў у хату, насыходзіліся людзі яго распытваць, а ён ужо ня мог расказаць усё пра сябе як мае быць. Барада яго дрыжэла, рукі трасьліся, пакуль ён адбываў з колішняю суседняю сям’ёю полудзень. Яго ўсё цягнула пайсьці зноў глянуць на попелішча свае хаты. Гэта ён зрабіў пасьля таго, як адагрэўся ў хаце, хоць ламата ў касьцёх якраз тады і пачалася. З свайго попелішча ён бачыў цяпер па той бок блізкае мяжы каржакаваты хвойнік, другую палову вёскі, ля яе новы мост цераз рэчку, замарожаныя паплавы. Там недзе Павал, Марылька, Леапольд Гушка з сынамі. Усё гэтак блізка, хоць ты вазьмі да пайдзі туды. Нейкі ўздым апанаваў яго. Ён як пайшоў назад у хату, дзе быў кагадзе, разгаварыўся з людзьмі, пачаў як умеў расказваць, распытваць. Перасільваў ламату ў касьцёх і стараўся сядзець на лаве. Гэтак у хаце, ды і ўсе суседзі, ужо ведалі, што ўбачыў ён некалькі астрогаў за гэтыя гады.

Ён нават цяпер сам ня ведаў, ці гэта ён усё чакаў суду над сабою, ці ўжо яго засудзілі. Як была яшчэ вайна, дык завезьлі тады ўсіх арыштаваных у адмысловы лягер, а пасьля вайны пайшлі яны па астрогах. Сам-жа ён даведаўся, што нездарма ў Мазавецкага цяпер гэтакі фальварак — вёску пагналі на хутары. А тут як ты на той хутар пойдзеш, маючы адну палоску ў трухлявую хату? Як ты гэтую хату перанясеш, каб яна цэлая была, і за што ты яе перанясеш? Ды і які там будзе хутар на адным загоне, на якім і так невядома што сеяць — не хапае месца каб пасеяць усяго, што трэба сеяць гаспадару. Дык народ што робіць? Народ выпускае сваю зямлю ў арэнду, а сам ідзе куды на старану шукаць работы. А работы гэтае нідзе ні чуваць нават. Дык можна сказаць усе пайшлі за парабкоў у панскія двары. А то яшчэ і гэтак: аранда-