Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ніводнае каляіны! Ніхто тут ня едзе. А куды-ж ехаць? Ён цяпер як апрытомнеў — вочы нешта добра пачалі сьвяціць тут у сваёй старане, ля свае вёскі.

Хмары сплывалі з неба, неба ясьнела, браўся большы мароз. Было яшчэ зусім рана, паўдня яшчэ ня было. Вось і вуліца. Сэрца старога пачало калаціцца, як убачыў ён гэтую вуліцу. Ніводнае хаты не пазнаў. Дый хат тых было вельмі мала. Стары пазнаў, што хаты гэтыя як-бы нядаўна людзі пабудавалі — яшчэ мох матляўся з пазоў на ветры, але дрэва найбольш было старое, відаць людзі выпадкова пакуплялі будову і трухлявую папераносілі. Тры ці што хаты былі з новага дрэва, малыя хаты, з малымі вокнамі. А чый дзе пляц, чыя хата? Цяжка было пазнаць старому. Бо паміж хат паўросталі зельлем печышчы — лебяда і верас сохлі на марозе. Што-ж гэта? Стары як-бы варочаўся да страчанае ў думках сапраўднасьці. Мала што чуў ён ад людзей некаторага году, што вёска была тады спалена, але-ж ён прывык за век свой да бягучасьці жыцьця. Вёска спалена была, але людзі зноў зьменяць твар попелішча, зноў-жа нейк паасталёўваюцца. І думкі пра спаленую вёску тады ў яго ня вельмі доўга трымаліся ў галаве. Гэтаму яшчэ спрыяла і тое, што самому пра сябе яму трэба было думаць, як не прапасьці ў гэткай бядзе, у гэткай астрожнай пакуце. Цяпер ён стаяў у канцы ціхай вуліцы, ня ведаючы куды падацца. Ён палічыў хаты і попелішча ад самага канца вуліцы і чацьвёртае пазнаў сваё. Раскіданая печ зусім была размыта дажджамі, усё пазорастала і адзічала.

Як аслупянелы стары доўга стаяў на адным месцы, пакуль стаў заўважаць адзнакі таго, што жыцьцё бяжыць. Цяпер ён заўважаў сьляды гэтае бягучасьці.

Трэба было кінуць вокам крыху далей ад гэтых хацін. Там, дзе на разьлегласьці раней яшчэ быў расьсеўся Мазавецкі з сваім новым хутарам, цяпер быў проста такі цэлы фальварак. Стары Няміра спачатку, пакуль здагадаўся, аж не пазнаваў нават мясцовасьці з-за гэтага. А пасьля ўжо, як памеркаваў і здагадаўся, да яго пачала варочацца ясная думка пра ўсё і кемлівасьць. Ці Мазавецкі забагацеў гэта яшчэ больш, ці панок які асталяваўся на гэтым хутары? Да ранейшага новага мазавецкага дамка, быў прыбудаваны яшчэ адзін, большы за той, ранейшы. Навокал