Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

кае яго! Ён хутка забыўся, што нікога ў ёй там няма і ён адзін там будзе. Ён проста як пачынаў дзяцінець у гэтыя хвіліны.

Яны ўдвух перайшлі ўпоперак сустрэчную вуліцу і ў блізкім канцы яе сапраўды ўбачылі, што стары будынак колішняга бэрнардынскага кляштару выбелены нанава, вапна закрыла абшарпаную цэглу.

— Хадзем хутчэй, — тузянуў старога Сымон Чуйка.

— Хадзем.

Яны паволі пайшлі з гарадка, але на трэцім кілёмэтры іх запыніў конны поліцыянт, ці так нейкі вайсковец, яны нават добра і не пазналі. Яны-ж ішлі на самую мяжу і ён паглядзёў іхнія паперы. Тут ім стала вядома, што ім трэба вярнуцца назад, бо так яны ня маюць права ісьці ў прымежную вёску — трэба ў гарадку справіць паперы на гэта.

Гэтакім парадкам ім давялося некалькі тыдняў блытацца па гарадзкіх вуліцах, прасіць ласкі ва ўсялякіх знаёмых і незнаёмых падпанкаў. Нарэшце старому далі права вярнуцца ў родную вёску, але Сымон Чуйка быў маладзейшы, ён яшчэ цьвёрда хадзіў, моцна гаварыў, дык яму далі права адно выправіць у сваю вёску старога Няміру аднаго. Чуйка кінуўся ў лесапільню шукаць свайго Рыгора. Няміра ў тую самую хвіліну як атрымаў права быць у сваёй вёсцы, рушыў туды.

Дзень быў той хмурны, востры холад за гэтыя дні ня зьменшыўся. Стары хоць не адпачыў, пакуль дамагаўся папер, але ногі ягоныя адыйшлі і ён нешта вельмі хутка пасьля таго як вышаў з гарадка, убачыў перад сабою хвойнічак і крыху ўлева сваю вёску. Некалькі разоў у яго глядзелі паперы, ён ужо ўразумеў, што гэты хвойнічак, у якім калісьці была тая Гушкава хаціна, цяпер па той бок мяжы і там быць ужо няма як, значыцца нельга бачыць ні Паўла, калі праўду Ёсель казаў, што ён астаўся ў бальшавікоў, ні Марылькі, ні сваяка Леапольда Гушкі…

А от і вёска; гэты кавалак, па гэты бок рэчкі. Пабапал рэчкі паплавы, а на рэчцы, дзе была калісьці грэбля і масток, нічога цяпер няма. Нічагуткі! Вада паўз берагі і нават змыла і сьляды колішняга мастка. Дарога зусім зарасла травою, і скрозь паўз рэчку стаіць вайсковая варта. Стары Няміра добра ўбачыў у тым месцы пагранічніка.

Гэта ўсё ён убачыў яшчэ з гасьцінца. І цяпер толькі ўбачыў, што на гасьцінцы ў яго пад нагамі мерзлы трыпутнік і спарыш.