Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/123

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

трэба было яму зьвярнуць з дарогі. Ён разьвітаўся з камандзірам за руку, пасьля зьняў шапку, махнуў ёю ў паветры ўсім чырвонаармейцам, гукнуў «ура». Шмат чырвонаармейцаў адказала. Адказаў і камандзір і памахаў яму рукою. Ужо ідучы палявою дарогаю, Леапольд Гушка яшчэ глянуў, як аддалялася на гасьцінцы рота і яшчэ раз зьняў шапку, яшчэ раз махнуў ёю, гукнуўшы:

— Ура! Віват!

Пасьля шпарка закрочыў да свае хаты.

— Старая, жыва? — загаварыў ён і адразу напоўніў хату моцным сваім голасам. — Антуся яшчэ няма? Ну дык зараз будзе. Чаго ты плачаш, маці, чаго ты? Цяпер плакаць? Эх ты, маці! От я перакусіў-бы чаго. А, няма нічога? Дык будзе. Ну давай будзем чакаць Антуся. Эх, мы нядаўна пачаставалі добра чырвонаармейцаў! А Марылька жне? Ведаеш што, пайду і я. Замыкай хату, пойдзем разам туды… А не — запалі ў печы, от я табе запалю, а ты глядзі. Я пайду на Марыльчына поле. Прынясу снапоў, у печы насушым, заўтра зьмялю ў жорны — от табе і хлеб будзе. Ну я пайшоў.

Ён некалькі разоў за кароткі час справіўся з вязкаю снапоў і пачаў клапаціцца каля хаты.

— Што гэта Антуся няма? — клапацілася старая.

— Няма? Зараз будзе, калі няма. Што-ж, далёка яны зайшлі.

Назаўтра да паўдня ён ўжо накруціў у жорнах мукі на хлеб.

— Пячы, старая, хлеб.

А пасьля выбраўся ісьці памагаць Марыльцы жаць. Стоячы акрай дарогі, ён прапусьціў паўз сябе чырвонаармейскую часьць, пасьля пайшоў упоперак цераз дарогу, дзе відаць было попелішча, а за ім жанцы на жыце. Раптам ён заўважыў наперадзе на гасьцінцы каня ў рыштку — конь ляжаў і згрызаў перад сабою траву. Гушка падышоў і агледзеў каня. Конь быў цэлы, але гэтакі змораны дарогаю, што ісьці далёй ніяк ня мог і нейкая, відаць, часьць, сьпяшаючыся наперад, пакінула яго тут, спадзяючыся, што яго тут адхаюць і ён яшчэ паваюе — дзе ён дзенецца. Леапольд Гушка сяк-так узвалок каня на ногі і павёў дадому. Конь аж хістаўся, небарака, у бакі, гэтак ён быў здарожаны. Фурманка ля каня была разламаная ўшчэнт, толькі адно кола Гушка мог выбраць. Ён яго і панёс на плячах.

Дома ён пачаў даглядаць каня. Паставіў яго ў хляўчук, укасіў яму травы і некалькі разоў уночы ўставаў глядзець яго.