Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/124

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У той дзень як знайшоў ён гэтага каня, увечары прышоў Анятусь — абарваны, з вінтоўкаю на перавязі. З ім прышоў незнаёмы тут у хаце яго таварыш.

Пасьля першага радаснага прывітаныня Антусь сказаў:

— Я не надоўга. Мы з ім — кінуў на таварыша — заўтра зранку выходзім ў горад. У армію там падавацца будзем.

— А можа абыдзецца як, сыночак, — схіліла галаву маці.

Але ўжо з наступных хвілін яна, бачачы, што Антусь усёадно пойдзе, і пачала думаць што-б яму прыбраць на дарогу.

Назаўтра зранку старыя правялі Антуся з кілёмэтр у кірунку да гарадка.

Гушка з тых дзён пачаў дзень пры дні хадзіць з Марылькаю жаць жыта. З поля відаць быў гасьцінец. Цяпер рух на ім рабіўся меншы, ехалі толькі сягды-тагды абозы, найбольш з сялянскіх фурманак.

Леапольд Гушка даглядаў увесь час знойдзенага каня. Праз тыдзень конь папрутчэў. А на другі тыдзень на ім ўжо як мае быць ехаць льга было.

Раз на гасьцінцы зьменьваўся сялянскі, змардованы вялікаю дарогаю, абоз. Везьлі скрынкі з набоямі. Чырвонаармейцы хадзілі па блізкіх вёсках і зьбіралі фурманкі. Адзін зайшоў да Гушкі ў хату.

— Добра, зараз, — сказаў адно Леапольд.

Ён пайшоў на падворак, выцягнуў з-пад струхлёлае павеці драбіны, падмазаў колы, пайшоў на хутарскую сенажаць за ляском, набраў адтуль на дарогу скошанага сена.

— Не бяры, бацька, многа, — сказаў чырвонаармеец, — мы па дарозе даставаць будзем.

— А пэўна-ж, — адказаў Леапольд, рыхтуючыся ў дарогу.

— Дарога мусіць будзе вялікая, — сказаў ён старой. — Глядзеце з Марылькаю яе ўраджаю. Пакуль што якое, дык я і вярнуся, тады будзем гатаваць сяўбу жыта на Марыльчыным полі. Дастаньце дзе-небудзь у людзей каня зьвесьці жыта. Да ярыны я сам думаю прыехаць. А можа нават і хутчэй вярнуся. Будзьце вясёлыя. Ты заўсёды была ў мяне маладзец, маці. Бывайце.

Ён пацалаваў Марыльку. Старая паклала яму рукі на плечы.

— Бач як вышла, — сказаў ён. — Пан з усімі нашчадкамі сваімі згінуў адсюль. І Сурвілу як мятлою зьмяло. Бывай, маці. Чуеш, на гасьцінцы чырвонаармейцы сьпяваюць, Ура, маці. Віват!