Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/121

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

на роўныя дзьве часткі. Там, дзе быў раней нарэзаны. Гэта былі ня часткі, а ўсяго частачкі — гэтакія малыя кавалкі вышлі. Адзін кавалак яна паклала на стол, а другі дала чырвонаармейцам. Глытаючы яго тут-жа, яны рушылі з хаты. Адзін на парозе яшчэ азірнуўся:

— Чего нибудь еще поищи, мамаша.

— Чаго я вам, галубкі, паішчу, божа мой, — абазвалася жанчына, ні то ўзрушаная тым, што ёй як-бы ня вераць, ні то тым, што на стале асталося хлеба вельмі мала.

Чырвонаармейцы подбегам пайшлі далей, на гасьцінец. Там ўжо чулася чырвонаармейская песьня. Жанчына ўзяла з стала хлеб, пакруціла яго ў руках, пасьля адламала на нюх табакі, паклала ў рот, паволі перажоўваючы і думала, што рабіць з гэтаю рэштаю; ці яе есьці, ці глядзець на яе.

— Бабуня, есьці, дай хлеба, — працягнуў рукі малы.

Старая аддала яму частку гэтага хлеба, сама яшчэ ўзяла ў рот крыху, а рэшту паклала на паліцу і накрыла гаршком. Яна глянула ў акно — можа Леапольд ідзе з Антусём?

— Божа мой, божа, дзе яны падзеліся. А можа іх пабілі дзе, а можа куды далёка пазаганяла іх гэтая вайна?

Нейкі роспач найшоў на яе. Яна глядзела, як малы даядаў хлеб, глянула яшчэ раз на паліцу — што з тым хлебам рабіць, ці яго есьці, ці глядзець на яго.

— Як гэта там гэтая небарака Марылька? Можа ёй занесьці на поле гэты хлеб?.. Што мне рабіць, а божа мой, божа.

Яна стаяла пасярод хаты, адчуваючы як няма ў яе сілы, растрачанай за жыцьцё.

З акна былі відаць кучы каменьня на ўзьлеску ля поля, на іх ужо вецер пананосіў пылу, мясцамі мох знайшоў тут сабе цьвёрдае аселішча.

— Божа мой, божа, от няма каб сядзелі людзі спакойна, дык не, ваююць, цягаюцца па сьвеце, небыт сабе робяць і другім. От-бо!..

З нейкаю злосьцю яна цяпер пачынала гаварыць.

— Ваююць, б’юцца, душаць адзін другога. Кожны да сябе грабе, каб другому ня даць… Гэтыя на гэтых ідуць, а тыя на гэтых… Душацца, мучацца, льлюць гэтую кроў, гэтыя сьлёзы! І ўсё