Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/120

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзень, а там трэба будзе высушыць колькі снапоў жыта на печы, акаліць, змалоць у жорнах і гэтакім парадкам будзе хлеб. Старая і пайшла з дзіцём на залесныя хутары па хлеб — дзе была свая вёска, адно полем і галавешкі ляжалі. Яна пакуль прайшла гэты кавалак дарогі, стамілася. А тут яшчэ ня ела нічога, а тут яшчэ дзіця пара была карміць. І яна, пакуль вярнулася назад з акрайцам хлеба, зусім ужо аслабела. Ледзьве села яна на парог і глядзела, як хлапчук хапіўся за хлеб і глытаў яго, ледзьве перажоўваючы.

— Еш, мой унучак, еш, — гаварыла ўсё старая, стараючыся пачакаць колькі хвілін, каб аддыхацца і самой есьці. Цяпер яна чакала дадому Леапольда і Антуся. А можа і Адась неўзабаве вернецца, можа гэта вайна на гэтым скончыцца?

Яна была дома адна да позьняе раніцы, наглядаючы за дзіцём, гледзячы на невялікі акраец хлеба на стале, думаючы пра Марыльку — як яна там жне галодная, ці ўдалося ёй дастаць у людзей хлеба? А людзі-ж найбольш цяпер і самі ня маюць — свае людзі пагалелі, пагінула ўсё ў іх. Яна, седзячы ў хаце, ня бачыла, што на гасьцінцы пачаўся новы рух. Таксама ня бачыла, як перад гэтым скрозь хвойнікам ціха прайшлі рэдкім ланцугом чырвонаармейцы. Яны занялі мясцовасьць без аніводнага стрэлу, палякі былі ўжо няйначай па той бок гарадка.

Прайшло яшчэ можа з гадзіну. Цяпер ужо проста ішлі гасьцінцам і дарогамі блізка яго чырвонаармейскія роты. І от утрох забеглі ў гэтую хаціну. Яны былі ў растаптаных дашчэнту чаравіках, на адным ледзьве трымалася рубашка — гэтакая яна была парваная. Бялізна на іх была чорная як зямля, твары былі прыпухлыя ад бессані, змучаныя, самі яны былі змардаваныя, ледзьве маглі вытрымаць, каб не заснуць тут-жа адразу, як толькі паселі на лаву.

— Мамаша, покушать нет ли чего? — сказаў адзін.

— Няма нічога, а ні-ні, галубок.

— Ну, хлебца?

— От гэта ўсяго што на стале.

— Да как же?

— От гэтак-жа як я вам гавару, галубкі.

Чырвонаармейцы пераглянуліся паміж сабою. Пасьля стаялі й маўчалі. Тады жанчына падышла да стала, узяла ў рукі акраец, падняла над сталом і выцяла ім аб край стала. Акраец разламаўся