Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/119

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

мы пагаруем, калі не паўцякаем па адным як небудзь, дык будзе-ж недзе месца, адкуль вернемся. Бальшавікоў, кажуць, вялікая сіла ідзе. Бач як паны драпанулі… Дык ты кажаш што і твой бацька гэтак сама сядзіць недзе, небарака? Ай, ай, ратуйся, сынку, раней за нас. А пакуль тут — дык лепш забудзься на сваё імя. Ратуйся. Чакай ночы. Ратуйся.



6. ЗЛАМАНЫ ЧАЛАВЕК

Адно два ці тры разы раўнулі дзесьці палявыя гарматы, ніякіх вайсковых сутычак тут ня было. У гэтых мясцовасьцях вораг адно стараўся, як мага хутчэй выбрацца. Жаўнеры смалілі гасьцінцам, ачышчалі мясцовасьць гэтак шпарка, што аніводная часьць не магла ўжо больш затрымлівацца тут доўга.

І от адным днём сонца ўзышло над ціхаю мясцовасьцю. Партызаны трымаліся на ўзьлесках, рыхтаваліся ўжо варочацца ў вёскі. Людзі з першай-жа хвіліны пакіравалі свае думкі да перасьпелага жыта, адразу вышлі жаць, збываючы сваю трывогу.

Марылька пакінула свайго хлапчука на догляд старое маці і сама пайшла жаць. Нават і старая пабедавала, што нездароўе яе мучыць, ды і дзіцянё няма на каго пакінуць — а то і яна-б не сядзела дома рукі склаўшы.

Яшчэ ўчора ў позьні вечар заблыталіся нейк у гэтую хаціну двое, мусіць апошніх, польскіх жаўнераў.

— Матка, млека! — гукнуў адзін да старое, страшна трасучыся, каб хутчэй атрымаць што яму трэба было і рушыць: цяпер ужо боязна было аставацца тут доўга.

— Няма, — разьвяла рукамі старая.

Жаўнеры не паверылі. Яны пачалі пераварочваць у хаце ўсё. Сапраўды тут нічога ня было. Быў толькі акраец хлеба. Яны забралі яго, пасьля выпаралі яшчэ некалькі яец, забралі з седала ў сенцах курыцу і як бачыш зьніклі, замахнуўшыся на старую прыкладам, упэўненыя, што яна не захацела ім даць сама больш чаго і пахавала ўсё.

Цяпер у хаце ўжо можна сказаць нічога ня было. Калі Марылька выбіралася жаць зранку, дык ня мела ўзяць нават з сабою крошкі хлеба, і пайшла так, спадзяючыся на тое, што дастане ў людзей. А тут старая павінна будзе таксама ў людзей дастаць на