Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/118

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Чуйка ўбачыў: на падворку паляк трымаў сялянскага каня і клікаў яго. Палякаў было двух, другі — намерыўся страляць у Чуйку. Уцякаць пакуль што можна было толькі ў чыстае поле. Чуйку іншая рада ня служыла, як пайсьці ў двор. Ён быў абарваны, бягучы сюды, ён стрэльбу сунуў ў знаёмы куст чароту ля рэчкі; шапкі на галаве яго ня было — сялянскі, значыцца, хлапец недаростак, што выбег толькі што аднекуль з пуні, ці з гары зьлез, дзе пераседжваў страх перад чужым войскам.

Ён зразумеў, што на яго крычалі: дзе драбіны у якія запрэгчы каня. Карабінавая руля сачыла за кожным ягоным рухам. Ён глянуў навокал сябе, убачыў на прыгуменьні крытую павець і паказаў рукою туды. — Эй-эй! — і пальцам загадалі яму рушыць сюды і самому адчыніць павець. Ён гэта зрабіў. Сапраўды там стаялі драбіны. Яму закамандавалі запрагаць. Ён запрог у нёзнаёмыя драбіны незнаёмага каня. Малады гаспадар клапаціўся ў чужым двары і нават у чужой вёсцы. Яму загадалі садзіцца за фурмана і везьці іх, гэтых двух вайскоўцаў. Сэрца яго раптам яшчэ больш закалацілася, як у злоўленае птушкі. Ён сеў у перадок. Жаўнеры вылаялі яго за штосьці і ён пагнаў каня. Яму паказалі ехаць проста на гасьцінец. У тым месцы дзе направа ад гасьцінцу бачыў ён попелішча роднае вёскі, а налева новенькі сурвілаў хутар ля хвойніку, з гушкаваю хатаю, ён дагнаў невялікі абоз сялянскіх фурманак. Сяляне таксама везьлі патомленых вайскоўцаў: нейкая растрыбушаная часьць старалася, відаць, хутчэй выбрацца ў тыл. Абоз пагналі шпарка. Неўзабаве мінулі гарадок — адно праскочылі праз яго.

Ужо ад’ехаўшы ад гарадка кілёмэтраў з трыццаць, убачылі, што тут пакуль што яшчэ спакойней і цішэй. Гадзіну адпачывалі коні, а два вайскоўцы пільнавалі, каб фурманшчыкі не павярнулі назад. Ня пусьцілі нікога. Пакутуючы ад горкіх думак, думаючы толькі пра тое, дзе-б і калі неўзаметку скаціцца з фурманкі і астацца на дарозе, пакуль не загналі дзе далёка, Рыгор Чуйка расказаў старому фурманшчыку ўсё пра сябе. Той зашаптаў яму:

— Пакуль ты, сынку, ня ўцёк, табе трэба старацца прыдумаць сабе другое імя: цябе-ж напэўна і цяпер яшчэ шукаюць, пасьля таго як ты ўцёк з астрогу. Памажы табе божа, сынку. Старайся ўночы ратавацца як. Табе трэба стацца. Табе горш як нам усім —