Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/117

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

за кілёмэтр які да гасьцінцу, на якім была вёска, яны асталіся ў ядлаўцовых кустах: пакуль што паўз вёску толькі праехаў аддзел польскае коньніцы, ня спыніўшыся там. У тых-жа выганных кустох, дзе асталяваліся цяпер людзі з лесу, былі і падалішчанскія коні, ля рэчкі, у алешніку. Некалькі мужчын і жанок вартавалі іх. Яны перабраліся сюды пасьля мінулае раніцы з іншага месца.

Дзень нахапіўся неўзаметку.

Над лесам цьвіло неба, а вартавы прыбег з пад лесу: ці не падказаў хто, бо скрозь паўз лес чэша на ўвесь ход пэўна з дваццаць коньнікаў і кіруюцца адрэзаць гэтыя кусты ад лесу. У адзін момант людзі нарыхтаваліся. Коняй спусьцілі ад куль уніз з абрывістага берагу, да самае рэчкі, вартавыя асталіся там-жа. Неўзабаве давялося спаткаць коньнікаў: ім хтосьці выразна падказаў дзе хаваюцца коні і яны проста туды шпарылі. Партызаны прымусілі іх падацца назад, але яны адразу з новаю сілай пачалі насядаць: пачуўшы страляніну, да іх з вёскі рушыла больш сілы. Партызаны ляжалі скрозь паўз рэчку, пад аховаю высокага, узгоркаватага берагу. Іх быў доўгі ланцуг, яны занялі ўвесь прагалак, дзе вяскоўцы пераводзілі коні на той бок рэчкі, і адтуль у лог, у кусты, далей ад навалы. А там да лесу недалёка было.

Палякі перарэзалі надвае ланцуг партызанаў. Партызаны цяпер пачалі адыходзіць: у лесе, меншая частка, скрозь кустамі паўз рэчку, да вёскі іншая рада ня служыла. Там, не даходзячы да вёскі, можна было выбрацца балотнымі зарасьнікамі на ўзгоркаватае поле.

Рыгор Чуйка быў акрай усіх. Калі ўсе пайшлі рачным пераходам, задніх некалькі чалавек не пасьпела. Ім давялося шпарчэй ратавацца ў бок вёскі, пакуль тыя перабіраліся на той бок рэчкі. Чуйка дабег першы нізкімі кустамі да крайняе хаты. На вуліцы як быццам было ціха. Чуйка выбраўся на агароды, пад вішнякі, дзе быў уночы. Абы прайсьці ціхом да таго канца, там льга будзе падацца зноў да лесу.

Нідзе ўжо больш не стралялі — партызаны, відаць, зрабіўшы сваё, адышлі. Раптам, ужо можна сказаць на канцы вуліцы, гукнулі:

— Ходзь тутэй!