Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/114

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

тварам да сьцяны, яна бедавала сама сабе, выказвала вялікую сваю скаргу:

— Колькі мне жыць засталося? Нашто я паклала свае сілы? Хто ўспамогся маёю працаю?..

— Зараз будзе спакойна, — цешыла яе Марылька, — і ўсё будзе добра.

Тады жанчына пачынала бедаваць за ўсіх людзей:

— Ня жнуць людзі, нічога ня робяць… Каб я хоць маладзейшая была, можа і я тады ня нудзела-б гэтак. Бацька здароўшы, ён, бачыш, пайшоў з Антусём…

Яна не канчала пачатае думкі. То весялела, то больш яшчэ сумавала. Нездароўе мучыла яе.

Гэтак ішлі гарачыя дні.

Нарэшце гасьцінцам рушыла рэгулярнае польскае войска. Але фронту яшчэ пакуль ня было тут.

Ліў дождж цэлы дзень, а як добра ўмеркла, высьвечваць пачалі зоры. Неба стала высокае, як з сіняе сталі. Нейкая птушка пачала абзывацца ў хвойніку.

Мокрыя аўсы выходзілі на самы гасьцінец. Аўсамі ішоў чалавек, выбіраючыся з лагчыны на ўзгорак да гасьцінца. Ён прыслухоўваўся і чуў, як некалькі разоў пачынала крычаць у далёкім хвойніку птушка і браўся ў той самы бок, туды. Ён быў па пояс мокры: з ног мачыла збажына, а зьверху адзежына правяла.

Гасьцінец быў перад вачыма; хвойнік, дзе крычала птушка, быў далёка па той бок яго, ісьці трэба было туды, але адразу перайсьці ўпоперак цераз гасьцінец чалавек не адважыўся. Ён доўга сядзеў з краю аўсоў і прыслухоўваўся да ночы. Было яшчэ рана, але дзіўна гэтак: хоць-бы адзін гук чуваць было з вёскі: от тут-жа, от, проста перад вачыма, чарнелі стрэхі, крайняя хата проста такі за некалькі крокаў ад чалавека выходзіла на самы гасьцінец.

Чалавек такі ня вышаў адразу на гасьцінец. Ці то спакуса падацца крыху ўбок, ці то ён надумаўся чакаць пакуль пацямнее ноч (хмара вісла над лесам), але ён пасядзеў крыху, пасьля пайшоў, прыгнуўшыся, да прыгуменных загарадзяй. Тут пайшоў ужо ён сьмялей. Пад старым вішнячком прайшоў ён да весьніц у двор; на вузкім падворку нават сабака не забрахаў. Сарваныя з завесаў дзьверы ледзьве засланялі чорную прорву пустога хлява. Чалавек нават ня глянуў туды: ён прай-