Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/112

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго, ня мог ужо стрымаць ног сваіх. Ён некалькі разоў азірнуўся, ня ўбачыў сваіх за сабою: «мусіць на іх гэта стралялі, а не на мяне. Цяпер ім горш будзе ўцячы» — падумаў і пайшоў яшчэ шпарчэй, не аглядаючыся. На цёмных вуліцах ён спаткаў некалькі вайсковых абозаў, пасьля цэлы абоз сялянскіх фурманак — яны штосьці везьлі, а поруч некаторых вазоў ехалі конныя вайсковыя конваіры. Хлапец пастараўся неўзаметку мінуць усё гэта. У цемені ночы вышаў ён з гораду глухімі завулкамі і не пайшоў на гасьцінец, а полем, кустамі, прыслухоўваючыся ўсё і азіраючыся. Ён чуў, як па гасьцінцы на ўвесь конскі ход праехалі некалькі разоў коньнікі, туды і назад, і яшчэ далей падаўся ад гасьцінца. Ён кружыў па знаёмай мясцовасьці і ўсё чуў, як гасьцінцам нешта ехаць пачалі вайсковыя абозы, як праімчаўся аддзел кавалерыі — нешта неспакойнае рабілася.

Ён дайшоў да каржакаватага хвойніка тады, калі падняўся месяц. Гасьцінец быў убаку, а тут хвойнік пачынаўся проста над балотам. Глухата і вільгаць здаровае ночы! Хлапец і пайшоў скрозь упоперак хвойнікам. Неўзабаве перад ім мільганула сьвятло з акенца Гушкавае хаты. Ён прыслухаўся — ціха было ўсё. Ён зірнуў у акно — старая жанчына сядзела апраненая на парозе ў сенцы насупроць газоўкі — відаць, толькі што прышла ў хату з дарогі. Хлапец пайшоў у хату. Жанчына спалатнела, зьбянтэжылася. г

— Я ўцёк, — сказаў хлапец… — Адзін, ім не ўдалося, мусіць…

— Дзе-ж табе цяпер дзецца, маё ты дзіця? Адзін попел курыць там…

— А дзе нашы?

— Я і сама добра ня ведаю. Паразыходзіліся ўсе па людзях… Што гэта, што гэтакі рух на гасьцінцы пачаўся. Абозы з паўдня, кажуць, пачалі ехаць…

— Дзе ваш Антусь?

— Я табе скажу, мой сынок. І Леапольд мой там…

Ён ледзьве пасьпеў выслухаць і кінуўся з сянец.

— Я цябе завяду да іх, а то яшчэ трапіш ня туды, — сказала Марылька, ледьве пасьпеўшы кінуцца за ім.

З разгону рушыў ён уніз на нізкае ўзбалоцьце, плюхнуў нагамі ў першую купіну.