Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/111

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Раптам заўважылі, што стары Няміра плача. Стогне і плача. Твар яго ляжаў ніцма на лахманох, зьлямцованыя валасы на галаве закрывалі яго зусім. Усе моўчкі глядзелі на старога, адзін толькі малады Чуйка не адыходзіў ад цёмнага кута за акном. Адтуль ён ня зводзіў вачэй з акна — проста перад акном, блізка, быў высокі паркан, размахнуўшыся з акна, льга было скочыць на яго. Над парканам ружовіліся апошнія ўспышкі захаду, а навокал была ўжо ноч. У гэтую хвіліну хлопец забыўся на краты ў акне.

— Вас з бацькам разам дапытвалі? — запыталі ў яго.

— Што там з ім робяць, з гэтым чалавекам?

Хлопец нічога ня чуў. Ён цяпер, прыгнуўшыся, аглядаў тое, што заўважыў удзень: відаць раней ужо тут спробавалі шчасьця людзі, бо ля самае сьцяны дошка ў падлозе была бяз цьвікоў і зьлёгку дыхала пад нагамі. Але заўважыць гэтага нельга было адразу. От хлапец цяпер і налёг на дошку. У яго моцна забілася сэрца, калі ён з трэскам узарваў яе і як-бы вінавата тут перад усімі, паклаў назад на месца і азірнуўся. Усе глядзелі на яго з прыбянтэжанасьцю ад нечаканасьці.

— Ціха, — прагаварыў шэптам хтосьці. — Пільнуйце дзьвярэй.

І хлопец пачаў грабіць пад дошкаю зямлю. Астрог быў «новы» — стары будынак гэты нядаўна толькі быў дапасаваны да гэтага. Хлапец выграб за паўгадзіны якое шмат зямлі з пад дошкі і шапнуў усім:

— Ціха.

Ён увесь тросься і пабялеў, лезучы ў яму. Рукі былі ў яго да крыві паабдзіраны, а вылазячы, ён ушчэнт парваў на сабе адзеньне, але вылез і азірнуўся. Вартавы зайшоў за вугал і крокі яго чуваць былі гэтак, што знаць было: ён варочаецца назад. Хлапец прыціснуўся да паркану. Вартавы прашоў паўз сьцяну і зноў зайшоў за вугал. Хлапец ускочыў на паркан, перамахнуўся на той бок і пашоў паволі змрочнаю вуліцаю. За ім палез з нары яшчэ адзін. Жаўнер зноў вышаў з-за рогу і ўбачыў усё. Ён крыкнуў і стрэліў. Чалавек падаўся назад. Праз хвіліну усё навокал астрогу было на нагах, у камеру набегла поліцыянтаў, жаўнеры сьцяною пасталі навокал астрогу. У камеры пачалося збойства.

Малады Чуйка на рагу дзьвёх глухіх вуліц убачыў поліцыянта. Ён прайшоў паўз яго, заклаўшы рукі ў кішэні, і як мінуў