Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/110

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Няміра ні на што не глядзеў, ён быў змучаны і вочы яго былі спушчаны ў зямлю. Ён ледзьве ішоў. Хлапец-жа кідаў вачыма навокал сябе і ўбачыў знаёмую жанчыну. Ён ажывіўся ўвесь, спаткаўшыя з ёю позіркам, але і выгляду не падаў што ведае яе — гэтак набываў ён практыку жыцьця. Яна правяла іх вачыма, аж пакуль яны ня зьніклі дзесьці за рогам дальняй вуліцы. Усёадно як яна памагла што ім — гэтак яна адчула цяпер сябе. Ёй здавалася, што яна штосьці важнае зрабіла. І яна пайшла з гораду. Яе агарнула ноч у паўдарогі.

Малады Чуйка таксама павесялеў, убачыўшы свайго чалавека ў горадзе. Арыштаваныя сяляне ўсе сядзелі ў аднэй камеры гарадзкога астрогу. Як толькі ўвайшлі яны з Нямірам у памяшканьне, усе накінуліся на іх з запытаньнямі. Няміра адразу лёг на сваё месца ў куце і паказаў рукою на Чуйку — няхай, значыцца, ён гаворыць. Сам-жа ён сьцішыўся на сваіх, пасланых на падлозе, лахманох. «Божа мой, божа, — сказаў адно ён, — калі гэта скончыцца. Я адно кажу, от як пачалося… калі-ж яно яшчэ пачалося… Ніколі мусіць і ня скончыцца».

— Дзе-ж бацька твой? — запыталі ў Чуйкі.

— Пакінулі яшчэ там… Там аконам з двара.

— Чаго?

— Паказвае, што мой бацька першы ў рэволюцыю на маёнтак пайшоў. Бацьку білі.

— Я ім кажу, — хрыплым голасам абазваўся з свайго кута Няміра, — я ім кажу — мы, кажу, век жылі старцамі, чаго вы ад нас хочаце.

І ён пачаў мыліць губамі, як-бы шэпчучы што сабе.

Усе маўчалі. Іх душыла і тое сонца, што сьвяціла удзень у кратчастае акно іхняе камеры, і тая ноч, што гусьцілася цяпер дзесьці за сьценамі астрогу. Яны рваліся адгэтуль, ціха перагаворваючыся самі з сабою:

— Да чаго мы дажыліся…

— Каб ня спаленая хата, каб не сям’я, можа-б хоць лягчэй было тут гніць…

— Мы здуравалі, што адразу не падаліся былі ў лес. Гушкаў Антусь як сышоў тады быў з дому — кожны тады мог здагадацца дзе ён. Ён ведаў мясьціну, дзе зьбіраюцца людзі. Стары Гушка ведае, ён сказаў-бы напэўна…

— Ціха ты, можа дзе хто слухае…