Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/109

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ці не Адася, ці ня Антуся свайго яна бачыла ў гэтым чуйкавым сыне! Зрэб’е, тое самае зрэб’е ў гэтакіх самых гадох! Мазалі на руках і нагах, парабкоўства, панскі двор, камені на ўзьлеску, работа, страшная работа з малых год, агідная работа, якую толькі ненавідзець можа чалавек, хочучы выратавацца ад яе, каб пажыць на сьвеце.

Адась! Не, цяпер два Адасі ёсьць на сьвеце. Адзін — той што быў калісьці, малое дзіця. Над горам ягонага маленства яна плакала. Сама будучы ужо спрацованая і хворая, яна да містыкі ўжо тады даводзіла сваё замілаваньне да яго. Цяпер Адась, гэта рослы мужчына, бальшавіцкі салдат, начальнік рэўкому. Цяпер ён гэтакі моцны, што ніяк не засьпяваеш над ім калыханкі, тае самае калыханкі, якую найлепш усяго ўжываць як пахавальны марш, як пахавальную музыку. Антусь і Марылька — усе дзеці яе зьліваюцца з вобразам Адася. Гэта адзін вобраз і гэты вобраз раздвоены. Два вобразы аднаго чалавека. Адзін вобраз — пакутны позірак нявіннага дзіцяці з матчынаю калыханкаю над ім, другі вобраз — моцны чалавек, які аднэй рукою можа абараніць сваю старую немагушчую маці ад усялякага гора, якім повен сьвет.

І цяпер Чуйкаў сын, гэты хлапчук, ня сыходзіць я яе думак.

— Чаго ты, кабета, стаіш тут каторую пору, — сказаў да яе нейкі стары, праходзячы паўз яе. — Калі твайго каго павялі на допыт, дык табе найлепш ня быць тут, бо цябе заўважаць і пачнуць цягаць, пакуль ім не надакучыць. Ня стой тут. Усё-адно гэтым не паможаш нічога.

Яна паслухала яго і адышлася. Каля нейкага дому яна прысела на камень і яшчэ чагосьці чакала, непакоячыся, што сонца нізка да захаду, ёй далёка ісьці дадому, а іх чамусьці ўсё яшчэ не вядуць назад у вастрог.

Думкі яе зусім ясныя сталі, яна як-бы адпачыла.

Ніхто з нашых людзей ня бачыў іх яшчэ за гэты час, — думала яна, можа мне як пашэнціць пачуць ад іх што, можа яны сказаць што хочуць, нікога-ж да іх ня пускаюць.

Цяпер яна ведала, што гэтая думка прымусіла яе пайсьці сюды і стаяць каторы час. А як гэта можа быць, яна ня думала. Яна чакала выпадку, якім мерала ўвесь сьвет, з усімі яго малымі і вялікімі падзеямі.

Нарэшце яна дачакалася іх. Вялі Няміру і Чуйкавага хлапца. Самога Чуйкі ня было. Жанчына пайшла наперарэз дарогі ім.