Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

з простымі людзьмі) не даганяў лішне адзежыны да чалавека, а заўсёды напускаў яшчэ на пальцы два паводле меркі. Затое дзецям сапраўды гэта было на падрост, а чалавек мог добра замахнуцца ў гэтай адзежыне.

Ён прышоў раз у гэты куток на ўзбалоцьце ў канцы лета. Людзі бачылі, як ён пільна і задумённа аглядаў гэтую мясьцінку, хадзіў, стаяў, глядзеў і па той бок хвойніку, і па гэты, нават спускаўся да балота, падкасаўся і пайшоў крыху па куп’і; у асацэ, праз мох, паміж пальцаў у яго пырскала вада. Людзі ім зацікавіліся: тут-жа ўсё было гэтак умеркавана, улегавана дзесяткамі год, гэтак усё было аднастайна, без вялікіх падзей і выдатных здарэньняў. Ён праз некалькі дзён зноў прышоў сюды, але цяпер ужо людзі пасьпелі дазнацца ўсё пра яго. Ужо ведалі, што гэта самы просты чалавек, як апранены, гэтакі сапраўды сам і ёсьць: ніхто іншы, як панскі парабак з двара па той бок гарадка. У яго ёсць жонка, два сыны і дачка. Ён на пары панскіх коняй робіць пану, а сям’я яго — падзёншчыкі ў тым-жа самым дварэ. Жонка зарабляе за дзень работы пятнаццаць капеек, а дзеці — ну, вядома, менш, бо яны яшчэ малыя на сталы заработак. Двое меншых — зусім яшчэ дзеці, на работу іх бяруць мала калі, ім не заўсёды знойдзецца работа, (хіба ўвосень у панскім садзе яблыкі абіраць). А большы сын — той ужо можа на падзёншчыну хадзіць.

Гэтымі часамі ня ўтрымаўся парабак і зрабіў вялікую памылку: трапіліся яму маладыя, неабвучаныя коні і вельмі рваліся ў плузе. Дык там дзе араў ён, асталася пара ўзрэхаў. Пакуль ён вярнуўся іх паправіць, аконам заўважыў гэта, і, падрабляючыся пад панскі тон, нарабіў крыку:

— Хлоп, цо робіш!

Парабак быў у злосьці ад конскага ўпартага спрыту. А тут якраз у гэты момант як аконам крыкнуў, кабыла зноў занатурылася. Дык парабак крыкнуў на ўвесь свой пануры голас, ні то на аконама, ні то на кабылу:

— Хлоп! Які я хлоп, каб табе па жываце хлопала.

Аконам кінуўся туды шлягануць нагайкаю па парабкоўскіх плячах, але парабак хістануўся ўбок і аконам з размаху сьперазаў сурамцам пад чэрава кабыле, на якой сядзеў. Кабыла рванулася і памчала аконама па ральлі. Яна гэтак тузянулася ўбок, што аконам, на што ўжо добра езьдзіў конна, а і то не