Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

адзяржаўся, вышмаргнуў адну нагу з стрэмя і бразнуўся вобземлю. Колькі крокаў ён правалокся за кабылай па ральлі, пакуль адарваўся. Парабак пабялеў, у яго пацямнела ўваччу — ён ужо чуў, што запахла бядою. Парабкі, хто быў маладзейшы і сьмялейшы, зарагаталі, гледзячы на аконама, як той валокся за кабылаю. Нават хтосьці гукнуў «ура». Аконам устаў, растапырыўшы рукі, спачатку кінуўся бегчы даганяць кабылу, але ў наступную хвіліну загадаў парабком злавіць яе. Кабылу злавілі і ён, атросшы з сябе зямлю, ускочыў на сядло і дробным трухам пад’ехаў да парабка. Пырскаючы сьлінаю, ён закрычаў:

— Прасіся!

Парабак стаяў, трымаючыся за плуг, пакуль адумаўся.

— Марш ад работы! — зароў аконам, — пану гэтакіх слуг ня трэба.

Парабак паслухмяна пайшоў быў ужо нават з поля, пасьля раптам вярнуўся, сарваў з галавы шапку і заенчыў:

— Паночку, даруйце.

— Вон, гад!.. Даары дня і вон са службы!

— Паночку, я сам ня ведаў, што гаварыў.

— Даары дня, і вон!

Аконам шпарка паехаў у двор, а парабак, унурыўшы галаву ў плечы, пайшоў за параконным плугам. У той-жа вечар аконам як-мае быць удаў парабка пану і назаўтра, калі трэба было выбірацца на работу, парабка паклікалі ў аконамаўскую афіцыну і далі разьлік.

Шмат дзён пасьля гэтага хадзіў парабак па суседніх дварох, шукаючы месца, але ўсе пыталі, чаму не ўпару ён пакінуў служыць там, дзе дагэтуль служыў. А, тымчасам, аконам пастараўся пусьціць пра яго чуткі па дварох і неўзабаве, калі толькі парабак зьяўляўся ў якім-небудзь дварэ, там ужо казалі яму праста ў вочы:

— Ага, ці ня той гэта самы?

Думка тады зьявілася ў парабка раптам: ён пайшоў да пана прасіцца. Пан меў вясёлы гумар і адразу спаткаў яго рогатам:

— Добра-ж ты сказаў, каб па жываце хлопала. Вясёлы ты чалавек. Жартаўнік.

Парабак тады пасьмялеў перад панам:

— Паночку, няхай пан мне даруе і зноў прыме на службу.