Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/108

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яшчэ вельмі, год так сямнаццаць яму. Жанчына чула, як гавораць у натоўпе:

— Што гэта іх сёньня ўсё водзяць, то таго, то гэтага?

— А што-ж, самы мусіць допыт ідзе.

— А можа гэта куды адпраўляць будуць?

Спачуваюць гэта ім, ці так сабе гавораць? Жанчына не магла ні выйсьці з месца, ні пагаварыць з кім. Яна стаяла як аслупянелая і ня зводзіла вачэй з арыштантаў. Стары Няміра ня мог ступаць на ўсю левую нагу — увесь ступень у яго быў абкручаны анучаю. Ён быў у сваім звыклым зрэб’і, у чорным ад зямлі і бруду.

Арыштаваных было трох, паліцыянтаў-жа навокал іх чалавек ці ня шэсьць адно — удвойчы.

Раптам пан кінуў вокам на арыштаваных. Ён адразу скочыў з фаэтона і вельмі шпарка ўзяў пад руку офіцэра, што стаяў з нейкаю паняю тут-жа. Пані яны тут-жа знайшлі новага кавалера, а самі адышліся ўбок і пан паказаў рукою на арыштаваных. Офіцэр штосьці сказаў пану, разглядзеў пільна тых, каго вялі пад штыхамі, пасьля стаў слухаць пана, ківаючы яму ўсё галавою.

Так, так! Так, — чула жанчына як ён слухаў пана.

Пасьля пан зноў сеў у фаэтон і фурман пагнаў коні. Тымчасам арыштаваных павялі далей кудысьці цераз пляц, у вуліцу. Жанчына назіркам пайшла сьледам. Выгляд у яе быў гэтакі ўбогі, што нікому яна ня ўпала ў вока. Яна падышла да старога аблупленага будынку ратушы на рыначным пляцы і спынілася насупраць яго — арыштаваныя былі ўжо там.

Яна асталася стаяць насупроць ратушы — ногі яе як прырасьлі да зямлі. Цяжар душыў усю яе істоту, яна ня здольна была ні пра што думаць. Яна не заўважала, як сонца пачало схіляцца да захаду, як два ўжо разы вызваніліся гадзіны на замкавай вежы. Раптам яна ўбачыла таго самага скарбованага аконома — ён пад’ехаў конна да ратушы, здаў каня на рукі сторажу і сам зьнік у корыдоры. «Ці ня прыслаў яго пан?» — зьявілася думка ў жанчыны.

Думкі цяпер у яе пачалі ясьнець. Чаго яна стаіць тут? Яна сама цяпер найбольш думала пра Чуйкавага хлопца, якога нядаўна з бацькам і з Нямірам пагналі ў гэтую ратушу. Яна хацела памагчы ім? Яна дазнацца чаго хацела тут? Таму што Няміра яе сваяк, яна стаіць тут і чакае пакуль іх будуць весьці назад?