Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Эдвард Лявэр! Ён стаў тады быў у гэтай хаце за свайго чалавека. Дзе ён цяпер? Як яму жывецца цяпер на ягонай там радзіме? Ён, вядома, напісаў-бы, каб спакойны час быў. З якою радасьцю ён ад’яжджаў тады быў дадому! Як ён разьвітваўся тады з усімі! Як горача гаварыў з Леапольдам і Антусём! Нават апошняя гаворка іх была пра рэволюцыю!

Жанчына вышла з дому. Яна з вялікім сумам чула на сабе ласкавае цяпло раньняга сонца. Ёй здавалася, што гэта ўвесь сьвет адпраўляе нейкую сумную імшу, якая лашчыць яе старое сэрца, тое сэрца, што аніколі ня ведала за ўвесь век ні радасьці, ні спачыну. Дзе яе радасьць?

У гарадок яна прышла позна, ужо даўно ішла імша ў царкве. Яна прастояла імшу, ня думаючы ні пра бога, якому нібыта малілася, ні пра што іншае. З думак упарта ня зыходзіў Леапольд і Антусь. І Марылька з дзіцем — толькі попелішча адно асталося ў яе. Нават стары апошні работнік з хаты, Паўлаў бацька, і той дзесьці тут у гарадку сядзіць у астрозе!

Сонца моцна грэла зямлю, як яна вышла з царквы пасьля імшы. Народу такі ніштавала было ў гарадку на пляцы перад царквою. Але найбольш народу было перад касьцёлам. Стаялі панскія фаэтоны, маляваныя драбінкі прасьцейшае шляхты. Старцы яшчэ ня спынілі свае песьні; гула лера, багамольныя жанчыны падказвалі сяму-таму з старцоў імёны памерлых — каго памінаць у малітве. Перад касьцёлам стаялі поліцыянты — ня пускалі просты народ наперад, каб быў праход з касьцёлу паном. Сама што пад’яжджалі пад касьцельныя вароты фаэтоны. Жанчына падышла бліжэй і загледзелася.

Вось яна пазнала: той самы колішні белавусы пан, у дварэ якога прайшлі на парабкоўстве ўсе маладыя гады, які пасьля спродваў зямлю, які выгнаў іх з парабкоўства. Пра што думала цяпер жанчына? Яна чула толькі як баліць сэрца, як усё цела ные, як цяжка дыхаць…

Вось пан з паняю падышоў да фаэтона, вось лёкаі падсадзілі іх у фаэтон. Вось пан штосьці з фаэтона загаварыўся ціха з нейкім дваровым паўпанкам…

Раптам з-за рогу касьцельнае агароджы вышлі людзі і вочы ўсіх ўпіліся ў іх. Вялі трох арыштаваных. Жанчына пазнала сваіх людзей. Паперадзе ішлі поліцыянты, за імі, поруч адзін аднаго — стары Няміра, Сымон Чуйка і ягоны хлопец, малады