Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

маліся блізка ля свайго попелішча. У самога-ж Гушкі жаць нічога ня было: гэты год зямля яго пуставала. Ён проста махнуў рукою, бачачы, што нічога ўжо больш ня будзе з ягонае нечалавечае працы, апроч мазалёў: з Сурвілам ён ужо расквітаўся, суд прысудзіў зараз-жа аддаць і доўг, і процанты, і на гэта прадалі з самае вясны каня, які быў, і да яго яшчэ крыху набытку. Цяпер Гушка быў вольны ад даўгоў і меў сваю ўласную зямлю. Сурвіла пра яго пакінуў думаць, але затое думала ўсё навакольле — адны з вялікаю дружбаю, другія з вялікаю нянавісьцю: гэта за Адася, старшыню раўкому ў гарадку. Пан войт Грак-Мазавецкі з прычыны высокае ў гміне пасады свае, ня спускаў Леапольда Гушка з думак. Гэтакім парадкам Антусь Гушка толькі ўсяго, як пачалася польская акупацыя, некалькі тыдняў папрацаваў ля гарадка, на пушчанай панам зноў лесапільні. Зараз-жа яго прагналі адтуль, не аддаўшы заробленых грошай. І ён адразу зьнік з хаты; куды ён пайшоў, ведаў спачатку адзін толькі бацька. Цяпер яны былі разам.



4. ХЛОПЕЦ СЫМОНА ЧУЙКІ

Можа праз тыдзень які пасьля ўсяго гэтага старая жанчына ў сваёй хаціне на ўзьлеску пачула сябе крыху лепш. Яна ўстала раней, памагла Марыльцы ўвіхацца ля печы, пасьля надумалася пайсьці ў гарадок памаліцца богу. Вялікая трывога панавала над ёю. Сілы былі дарэшты растрачаны, думкі ня мелі яснасьці — дзе пачынаецца людзкая бяда, дзе яна канчаецца. Увесь сьвет быў у бядзе. Ён гарэў у агні, ён быў, з самых малых дзён чалавечых, у пакутах, у нечалавечай працы. Навакол хаты пачало ўжо абростаць мохам каменьне, што было павыкарчована з зямлі доўгімі гадамі, разам з небаракам-працавіком мужам, нават дзірван на ўзьлеску, і той, здаецца, паліты быў потам і сьлязьмі старое гаспадыні гэтае хаты. Нічога, значыцца, яснага сьвет у сабе ня мае. Нічога ня відаць чалавеку з гэтага месца, да якога ён прыкаваны на ўсё жыцьцё сваё.

У гарадку званілі ў бажніцах, жанчына сьпяшалася на гэныя званы. Яна і дома памалілася яшчэ, пасьля пасядзела перад дарогаю — адпачывала на дарогу. З сьцяны глядзела на яе фотографія — чалавек з падстрыжанаю барадою сьмяяўся вачыма.