Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/102

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Антусь будзе там, дзе я. Я пайду з ім. Ты сама кажаш, што добра я зрабіў, што сышоў учора з хаты.

Яна паглядзела на мужа, заплакала і пайшла паволі назад.

— Дай кругу, ідзі нібы не адгэтуль, — сказаў ён ёй наўздагон.

І яна вышла на ўзьлесак з іншага боку.

Надвечар Леапольд Гушка пайшоў ёй на спатканьне: што робіцца ў вёсцы нецярпелася яму хутчэй даведацца. З лесу ён выйсьці баяўся. З-за дрэў ён бачыў перад сабою, па той бок груду і балота, хвойнік. Хвойнік закрываў ад яго хаціну і вёску. Ён ўбачыў над хвойнікам рэдкі дым — штосьці паволі дакурвалася. Яму здалося, што гэта дагарвае ягоная хаціна. Ён паволі пайшоў назад, ня думаючы пра гэта.



3. АДНО ГАЛАВЕШКІ КУРАЦЬ

Няміра прышоў да памяці тады, калі яго хтосьці штурхануў: усіх пераганялі ў гумно — іх было чалавек дваццаць, тых самых «бальшавікоў», рэшту людзей выпусьцілі. Усім было сказана, што яны рабаўнікі, зладзеі, карыстаюцца чужым і аддаць чужога ня хочуць. Што яны зьнішчаюць маёнткі, могуць забіваць паноў, не аддаюць таго, што каму вінны, не зважаючы на тое, што суд прысудзіў аддаць, (тут усе зразумелі — ход ідзе пра справу з Сурвілам і Мазавецкім). Іх у гумне трымалі цераз паўдня, стары Няміра стагнаў на саломе — трывога, здарожнасьць адабралі ў яго ўсе сілы. Пасьля, у ясны ўжо поўдзень, іх, абкружаных жаўнерамі, пагналі ў гарадок. Пакідаючы вёску, яны бачылі: пасярод вуліцы стаялі пазлыгваныя коні, з двароў выганялі кароў — забіралі рэшту набытку. У панскі двор, ці вайакоўцы сабе? Жанчына пасярод вуліцы рвала на сабе валасы, цераз твар у яе ішла крывая пісага ад нагайкі. «Мільч!» — крычаў на яе вайсковец. Яна бегла за ім. Яна як-бы страціла думкі — каго тут прасіць, што тут робіцца? Яна пасьля пачала выгнаць з гурту сваю карову. Тады яе зноў шляганулі нагайкаю. Пасьля гэтага яна зусім роспачна прыбянтэжылася — пачала цягнуць вайскоўца за нагу з каня. Яе адапхнулі і яна пабегла ў вуліцу з енкам. Яна дабегла да сваей хаты і ўбачыла там поўна салдат — яны асталёўваліся там як-бы надоўга. Яна ў хату тады не пайшла, а закрычала з новаю сілай, заенчыла. Ёй памаглі на вуліцы