Старонка:Бацькаўшчына (1932).pdf/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

цяпер толькі ўсяго заклапочаны. Яна дастала з паліцы акраец хлеба, яшчэ чагосьці паклала ў сарвэту і завязала клунак. Пасьля прысела на момант, думаючы, ці ўсё зрабіла што трэба. Устала, пайшла з хаты, і, з старэннасьцю добрае гаспадыні, упэўненая, што навала паўз яе хату прайшла ў выглядзе трох вайскоўцаў і больш ня верняцца, замкнула хату і падалася ў лог, дзе сівец пераходзіў у балота. Балотам яна вышла на высокі груд, прайшоўшы які, падышла да лесу. Хвоі тут былі выносістыя. Яна доўга ішла глухою сьцежкаю, а пасьля пачала прыглядацца і прыслухоўвацца. Некалькі разоў яна нават ціха кашлянула. І яе неўзабаве пачулі:

— Маці, сюды… Маці…

Яна кінулася на голас у гушчырню. Сівы, стары, высокі і моцны, стаяў перад ёю. Ён узяў ад яе хлеб.

— Ну што, маці? Што чуваць?

— Добра што ты сышоў. Ужо абкружылі вёску, яшчэ ўночы. І каля нашае хаты круціліся ўтрох конна. Я калі хаты брадзіла. Бачыла. Пасьля не ўсьцераглася, папалася была ім на вочы, але пасьля яны мяне пусьцілі.

— Ня ведаеш, Няміра стары вярнуўся?

— Ня ведаю.

— А Марылька як?

— Ня ведаю, з вечара была дома. Тады яшчэ старога ня было.

— Добра.

Ён глядзеў кудысьці далёка, штосьці думаў.

— Што добра… Ты мне скажы дзе Антусь?

— Ты пра Антуся не дбай. Ён не малы.

— Божа мой, божа… Я-ж маці…

— Ён там, дзе ўсім трэба быць… От што… Ты будзь каля дому. Лішне ня думай ні пра што. Я тут буду яшчэ сёньня да ночы. Увечары ты прыдзі, скажы што там робіцца… А пасьля глядзі сябе. Беражы. А табе нічога не зробяць. Калі што якое, гавары, што як пайшоў я на работу ў горад, дык і дагэтуль з таго тыдня мяне няма. І гэта будзе праўда — ніхто мяне гэтыя дні ня бачыў. Старайся не мазоліць сабою сурвілавых лішне вачэй — ня выходзь пад ягоны хутар. Будзь дома і ўсё.

— А Антусь-жа?