Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

каго-небудзь з жмудзінаў ці патаемнага абвінавачаньня, прысуд над тым, хто абвінавачваецца, пастанаўляецца не раней, як пасьля папярэдняга судовага разгляду, зробленага на падставе Літоўскага права[1]. На існаваньне „Літоўскага права", якое адрозьніваецца ад права „рускага", паказвае і прывілей на майдэборскае права, данае ў 1499 годзе Менску:

„тое место нашо Менъскъ съ права Литовъского и Руского и которое коли будеть тамъ перво держано, у право немецкое, которое зоветься Майтборъское переменяем на вечные часы".[2]

Упамінаньне тут аб Літоўскім праве наўрад ці зьяўляецца выпадковасьцю канцэлярскага характару. Так, Менск у скорасьці пасьля далучэньня да Літвы (з пачатку XV сталецьця) знаходзіўся ў непасрэдным кіраваньні літоўскіх князёў, належаны да ліку віленскіх двароў[3]. Гэта тэрыторыя была колёнізавана літоўцамі, хоць сапраўдную пашыранасьць гэтай колёнізацыі трудна азначыць. Але на існаваньне яе ёсьць выразныя паказаньні крыніц. Так, напрыклад, у XV сталецьці ўспамінаецца ў Слонімскім павеце дзесятак (падатковая адзінка) Літоўскі, а ў Ваўкавыскім—Жамойцкі. „У крыніцах XV і першай палавіны XVI сталецьця можна сабраць ня мала паказаньняў на вайскова-служылую колёнізацыю Чорнай Русі, на існаваньне ў гэтым краі вялікай колькасьці маёнткаў літоўскіх князёў, паноў і баяр"[4].

З другога боку, і ў карэнную Літву з даўняга часу накіроўвалася колёнізацыя з украінскіх і беларускіх земляў. Так, па словах І. Я. Скрожса, на тэрыторыі Жамойці „ёсьць ня мала цэлых маёнткаў, земляў і ўрочышчаў з выключна рускімі назвамі"[5]. Сярод фамілій, якія сустракаюцца ў актавых кнігах, сустракаецца многа фамілій рускага пахаджэньня[6].

Аднак выявіць асаблівасьці „Літоўскага" права па параўнаньні з правам „рускім" пры сучасным стане крыніц зьяўляецца справаю вельмі труднаю[7].

Літва, уладаючы потэнцыяльнымі сіламі для ўтварэньня політычнай гегемоніі сярод беларускіх і украінскіх земляў, выступіла на політычную арэну без вялікага культурнага багажу, у той час як старадаўня-рускія землі пражылі вялікую і славутую эпоху разьвіцьця матэрыяльнай і

  1. Ясинскій „Уставныя земскія грамоты Литовско-Руского государства". Кіевъ 1889, стар. 124.
  2. Рус. Ист. Библ. т. XXVII стар. 740.
  3. Любавскій. Областное дѣленіе и мѣстн. управленіе Литовско-Руского государства". М. 1892 г., стар. 12—15.
  4. Там-жа., стар. 4.
  5. Акты, якія выдаваліся Віленскім Камітэтам для разбору спраў старадаўніх актаў, том XXXII. Вільня. 1907, прадмова, стар. XXII.
  6. Іb., стар. XXI.
  7. Надзвычайна цікавай і ўдзячнай задачай было-б вывучэньне сучаснага звычаёвага літоўскага права.