Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

духоўнай культуры. А права ўжо даўно вышла за мяжу стыхійнага панаваньня звычаю. Ужо даўно дзейнічала пісанае права, якое к гэтаму часу перанесла ўплыў і законадаўчай творчасьці. Пры такіх умовах Літоўскаму звычаёваму праву, якое ня вышла яшчэ з дзіцячага становішча, трудна было разьлічаць на панаваньне над правам беларуска-ўкраінскіх зямель. У лепшым выпадку яно магло існаваць толькі поруч з беларуска-ўкраінскім правам.

Конкурэнтам „рускага" права ў Літоўскім княстве выступае права польскае. Прывілей 1387 году адчыняе пэўную легальную дарогу для польскага ўплыву, праўда, спачатку пераважна ў сфэры права дзяржаўнага. Але нельга адмаўляць яго ўплыў і ў другіх галінах права. У Літоўскім Статуце 1529 году ён выяўляецца даволі прыкметна.

Кажучы аб нацыянальным характары Літоўскага Статуту 1529 году, прыходзіцца браць пад увагу іменна гэтыя тры нацыянальных супярэчлівых сілы—права літоўскае, польскае і украінска-беларускае. Ні рымскае, ні чэскае, ні нямецкае права значнай удзельнай вагі ў даным выпадку ня маюць.

ІІ

Мноствам нацыянальных сіл, якія прымалі ўдзел у праватворчасьці Літоўскай дзяржавы, і вытлумачваецца спрэчнасьць пытаньня аб нацыянальным характары кодэксу 1529 году. Тут стыкаюцца самыя супроцьлежныя концэпцыі гістарычнага разьвіцьця праўнага жыцьця, якое папераджала ўтварэньне Статуту 1529 году. Сучаснае становішча пытаньня ўскладнілася яшчэ больш параўнаўча з папярэднім, бо на сцэну выступіла імкненьне выясьніць пераважнае значэньне аднэй з дзьвёх „рускихъ" праўных сыстэм: украінскай ці беларускай[1].

Польская гістарыяграфія і да апошняга часу прытрымліваецца традыцыйнага пункту погляду на права Літоўскага Статуту, як на права провінцыяльна-польскае. Так іменна разглядае Літоўскі Статут вядомы сучасны польскі гісторык проф. Кутшэба ў сваёй нядаўнай працы: „Historya zrodel dawnego prawa polskiego", т. ІІ.

Аднак ужо даўно, з часу Данілевіча, а зусім выразна пасьля параўнаўчага вывучэньня Літоўскага Статуту профэсарам Леантовічам, выявілася падабенства норм гэтых двух помнікаў і закладзена была концэпцыя „заходня рускага" права, якое прадстаўляе сабою далейшае разьвіцьцё агульнарускіх пачаткаў Рускай Праўды.[2]

Адсюль патрэбнасьць вывучэньня яго для поўнага ўясьненьня гісторыі „рускага" права, другой галінай якога зьяўляецца права маскоўскай Дзяржавы.

  1. Тэрмін „рускі" мы ўжываем, ідучы ўсьлед за сучаснымі помнікамі, дзе ён сустракаецца як супроцьпастаўленьне беларусаў і украінцаў ад Літвы і палякаў.
  2. Леонтовіч. Русская Правда и Литовскій Статутъ. Кіевъ, 1865 г. (Адбітак з Кіеўскіх Унівэрсыт. Ізьвесьцяў).