Старонка:Барысенак. Нацыянальны характар Літоўскага Статута 1529.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАЦЫЯНАЛЬНЫ ХАРАКТАР ЛІТОЎСКАГА СТАТУТУ 1529 г.

С. Барысёнак

І

Гістарычны шлях юрыдычнага разьвіцьця Літоўскага княства, які прывёў да ўтварэньня агульнадзяржаўнага кодэксу 1529 году, быў даволі складаным. Параўнаўча нямногалічбавы літоўскі народ, аб якім у часы валынскага князя Рамана склалася на Валыні далёка нявыгодная політычная прыказка: „Романе, худым жывеши, Літвою ореши“ зрабіўся ўрэшце гегемонам сярод цэлага шэрагу старадаўня-рускіх зямель—княстваў. У гэтым новым дзяржаўным целе пануючаю політычнаю сілаю была, зразумела, нацыя літоўская. Яна дала і сваё нацыянальнае імя дзяржаве („зямля Літоўская, вялікае княства Літоўскае, панства Літоўскае"), хоць яе ўласная нацыянальная тэрыторыя не перавышала 1/10 усёй дзяржаўнай тэрыторыі, хоць сваю магутнасьць яна будавала далёка не сваімі ўласнымі патугамі. На Украіне яшчэ ў другой палавіне XV сталецьця жывуць успаміны аб іншых політычных суадносінах нацый, якія склалі літоўскую дзяржаву. У 1567 годзе Філон Кміта, дзяржаўца Аршанскі, у сваім лісьце да вядомага князя Рамана Сангушкі піша:

„Будь господарю такам Раманам, што Литвою орал, ова за помогою Божею отменить, што Москвою орать будешь, да мене слуги и холопа своего не опущай з ласки"[1].

Аднак, літоўская нацыя, узяўшая перавагу ў політычных адносінах, павінна была дапусьціць удзел у політычным жыцьці і другія народнасьці; а з другога боку—падпала самай глыбокай праўнай асыміляцыі з чужымі нацыямі (спачатку беларускай, а пасьля польскай). Літоўскае нацыянальнае права не аўладала правам, якое-б падпарадкавала літоўскай дзяржаве старадаўня-рускія землі. Больш таго. Літоўскае права само аказалася пераможаным правам старадаўня-рускім. А між тым, сваё звычаёвае права, нацыянальнае права, у літоўцаў, бязумоўна, павінна было існаваць. На гэта проста паказваюць помнікі. Так, у прывілеі, выданым у 1492 г. Літоўскім урадам Жмудзкай зямлі, гаворыцца, што ў выпадку скаргаў на

  1. *) Arch. XX Sanguszkow, we Lwowie, 1910 т. VII, стар. 187 - Костомаров адкідае за гэтаю прыказкаю гістарычную сапраўднасьць, але яна поўнасьцю адпавядае політычным умовам часу Рамана.--Костомаров „История России в жизнеописании ее главных деятелей", выд. Сойкіна. стар. 109.