Старонка:Барвенак (1924).pdf/94

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НАВАЛЬНІЦА.

Нібы ваяцкія мячы
Ці вогненныя стрэлы,
Пачалі неба скрозь сячы
Маланкі ашалела;

Бяжыць пужліва хмараў раць
Ад вогнішчаў тэй сечы,
Што зыркім полымем гараць,
Нібы вагранкі-печы;

Зычаць, як тысячы гармат,
Грымотаў барабаны;
Халодны вецер студзіць град,
Што кроўю льлецца з ранаў.

Вялікі час, страшэнны час,
Час грознай навальніцы!
Вось стаў вузець маланак пас…
Вось скора праясьніцца,

І вільгаць хмарнае крыві,
Што ў бойцы льлецца з неба,
Зямлі расьліны ажывіць
І узбагаціць глебу…

1923 г.