Старонка:Барвенак (1924).pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЗЯЛЁНЫ ШУМ.

Смалой кадзіліць лес хваёвы,
Шуміць паволі — штось пяе…
Сасонкі з кудрамі галовы
Схіляюць ласкава свае —

І шлюць ўдаль вакруг паклоны,
Завуць панюхаць пах смалы,
Паслухаць шэпты — шум зялёны —
Ды казак гоман удалы…

О лес густы, о лес хваёвы! —
Счарован я тваім жыцьцём;
Твой кожны зык мне родзіць словы;
Хістаньні будзяць пачуцьцё…

Я рад бываць ў тваіх улоньнях
І пах смалісты твой ўдыхаць.
І ў хоры шумаў, тваіх звонаў
Свой сьпеў галосны уліваць…

1923 г.