Старонка:Барвенак (1924).pdf/86

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РОСКВІТ.

Паабапал пратоптанай сьцежкі,
Што, як зьмейка, паўзе да гумна,
Розных кветак з травой ўперамешку
Наўтыкала старанна вясна…

А праз плот выглядае з гароду
Многа розных прыгожых расьлін…
А на вуліцы сьмех, карагоды,
А у садзе, між стройных галін,

Прыбыло гэтай ноччу прынады:
Распусьцілася сьнежная бель;
Пчолы дзеляць здарэньні і рады,
З чарак-красак каўтаючы хмель.