Старонка:Барвенак (1924).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

НОЧ.

Месяц бляск свой серабрысты
Шле на сад, і бель лістоў
Нейкім проблескам іскрыстым
Разаслалась між кустоў.

Блішчаць зоры-агняцьветы
І кладуць на сінь узор;
Ўсё красой наўкол адзета, —
Шыр нябёс, зямлі прастор.

Я красою гэтай ночы
Ачарован. Саду шум
Прыглядзецца заве вочы
І зганяе цені дум.

Упіваюсь я красою,
Грудзі поўныя ад мар, —
Месяц срэбнай паласою
Асьвятляе мой абшар…