СЬВІТАНЬНЕ.
Скрозь туман праглядае сьвітаньне, Вецер цёплы павеяў з палёў, Пеўня з далі пачулась сьпяваньне І гамонка і крык вераб’ёў…
Шпак заліўся у садзе спрасонку, Ён нястройна пакуль-што пяе, Але правіцца голас, і звонка Гымны стане сьпяваць ён свае.
Ўсё чакае усходняга сонца, Лічыць шчасьцём, каб першым сустрэць, І магутную песьню бясконца Пад гарачаю ласкаю пець.