Старонка:Барвенак (1924).pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

СЯЎБА.

На полі хораша. Ў зялёны колер шоўку
Мяжа апранена. Чарнее шыр ралі;
Яе абшар — прастор нязьмерана далёкі
Вясной прыгожаю вабранае зямлі.

На ролю кідаю зярняты я з сявенькі;
Яны блішчаць красой на сонечным сьвятле,
А нешта мне з лазы шапоча памаленьку
Аб новых днёх, аб шчасьці і цяпле…

І радасьць нейкая мне душу напаўняе:
Уладар зямліцы — я, а маці мне — яна;
Павіннасьці сяўца на ёй свае спаўняю.
І шэпча ласку мне надзейную вясна…

Яна гаворыць мне, што ўзыйдзе зелень руні,
Аб долі шаматнуць пасьпеўшы каласы
І жыцьця лепшага прабуджаныя струны
Сальлюцца ў гымн з усім для шчасьця і красы…