Старонка:Барвенак (1924).pdf/62

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЭХ-БЫ Ў ПОЛЕ…

Эх-бы ў поле, на прывольле
Выйсьці з вуліц гарадзкіх;
Нібы зоры там куколі,
Нібы вочы — васількі…

Там прыгожа… Пахне збожжа,
Сьпелым коласам зьвініць,
А тут стук душу трывожыць
Ды пыл хоча асьляпіць.

Завірушна, надта душна;
Як чарон нагрэты — брук,
А там колас — друг паслушны —
З ласкай горнецца да рук,

Для спатканьня, прывітаньня
Бае байкі, шэпча быль;
Я бы выйшаў ў поле з раньня,
Ды да поля многа міль…

Менск, 1923 г.