Старонка:Барвенак (1924).pdf/61

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ДЗЕ АКОРДЫ…

Дзе акорды струн жывыя?…
Дзе ты, радасьць, шчасьце, дзе?
Сэрца стрэлы агнявыя,
Як маланкі веснавыя,
Вырываюцца з грудзей…
І лятаюць, рэжуць хмары,
Просяць сонца і красы;
Разьбіваюць толькі мары
Грому моцныя удары…
Жыватворчае расы
Я чакаю, спадзяюся…
Верыць хочацца так мне,
Што скрозь сьлёзы аж сьмяюся:
Вось, здаецца, вось — нап‘юся…
Прасынаюся у сьне…
А ўсё іх не дачакацца —
І жыцьцё і радасьць — сон;
Роі мар у ім раяцца —
Шчасьце, радасьць толькі сьняцца
І фальшывіць струнны звон…

Менск, 1923 г.